Як жыць, дык жыць для Беларусі

Кіраўнік Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Патрыятызм, упэўненасць у будучым сваёй краіны і жаданне зрабіць яе лепш – вось галоўнае, што павінна быць у сённяшняй моладзі». І гэтымі якасцямі валодаюць актывісты Маладзёжнага савета.

Рашэнне раённага Савета дэпутатаў аб стварэнні Маладзёжнага савета пры Кармянскім раённым Савеце дэпутатаў было прынята 19 сакавіка гэтага года. Асноўнымі задачамі арганізацыі былі вызначаны прыцягненне моладзі да працэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна; папулярызацыя сярод моладзі сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання; вывучэнне існуючых праблем, фарміраванне прававой і палітычнай культуры ў маладзёжным асяроддзі; выяўленне і падтрымка маладых людзей, якія валодаюць арганізатарскімі здольнасцямі і лідэрскімі якасцямі.
У склад савета абрана 13 чалавек. Гэта актыўныя прадстаўнікі мясцовага кіравання і самакіравання, адукацыі, аховы здароўя, праваахоўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў ва ўзросце да 31 года. У кожнага ёсць магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці і ўнесці ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Сёння члены савета прымаюць удзел у розных акцыях, дыскусійных пляцоўках і іншых мерапрыемствах. Так, 29 чэрвеня старшыня Савета дэпутатаў, прадстаўнікі Маладзёжнага савета, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, галоўныя рэдактары мясцовых газет і іншыя зацікаўленыя асобы прынялі ўдзел у выязной міжрэгіянальнай дыялогавай пляцоўцы ў г. Чэрыкаў Магілёўскай вобласці на тэму «Незалежнасць і росквіт Беларусі. Мы – разам», арганізаванай па ініцыятыве Кармянскага раённага Савета дэпутатаў. У ходзе мерапрыемства праводзілася абмеркаванне найбольш важных пытанняў сучаснасці, наведванне Музея вайсковай славы, а таксама былі ўскладзеныя кветкі да помніка воінам-вызваліцелям.
Толькі ў гэтым месяцы члены Маладзёжнага савета прынялі актыўны ўдзел у акцыі, прымеркаванай да Дня народнага адзінства: лёгкаатлетычным забегу «За адзіную Беларусь»; рэспубліканскім аўтапрабегу; здачы дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага нарматыву; раённым велапрабегу «У адзінстве сіла»; закладцы алеі «Памяць і Адзінства». Дапамагалі ва ўборцы месцаў воінскіх пахаванняў у акцыі «Дзень добрых спраў», прысутнічалі ў складзе дэлегацыі на мерапрыемстве «Вечнасць» у г. Гомель і ў Мінску на форуме патрыятычных сіл «Сімвал адзінства». А ў чацвер, 30 верасня, пабывалі ў раённым мемарыяльным музеі Панцеляймона Мікалаевіча Лепяшынскага. На бліжэйшую будучыню запланавана пасадка алеі моладзі і іншыя мерапрыемствы.
Час дзейнасці Маладзёжнага савета пакуль яшчэ не вялікі, але галоўнае, што ёсць свае мэты і важныя справы, кірунак, у якім трэба рухацца далей і весці за сабой моладзь, і, канечне, аднадумцы – тыя, хто гатовы працаваць дзеля будучыні нашай краіны.

Алеся Шуцікава па інфармацыі старшыні Маладзёжнага савета

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"