Захаваем нашу гістарычную Радзіму

«Захаваем нашу гістарычную Радзіму».
Так гучыць дэвіз Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў, які адзначаецца 18 красавіка. Таксама ён вядомы як Дзень сусветнай спадчыны, усталяваны ў 1982 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытанням аховы помнікаў і славутасцяў. Сёння мы нагадаем вам, паважаныя чытачы, якія помнікі ёсць на Кармяншчыне, а таксама ўспомнім, якімі яны былі шмат гадоў таму.

Помнік Міхаілу Герасімавічу Калінкіну

Гэты помнік знаходзіцца ў лесе каля вёскі Студзянец – на месцы, дзе загінуў герой Савецкага Саюза Міхаіл Калінкін. Нарадзіўся герой ў 1916 годзе ў Ленінградзе. Быў камандзірам асобнай стралковай роты. Вызначыўся капітан у баі пры вызваленні вёскі Студзянец. У самы рашаючы момант закрыў сваім целам амбразуру дзота, што дало магчымасць байцам узяць важны плацдарм і вызваліць вёску. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 15 студзеня 1944 года. У 1979 годзе на магіле быў пастаўлены абеліск. Гэта месца і зараз шануецца жыхарамі раёна. Моладзь, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, неабыякавыя жыхары Кармяншчыны збіраюцца тут, каб навесці парадак, успомніць час, калі наша малая радзіма атрымала незалежнасць, і чарговы раз хвілінай маўчання ўшанаваць памяць Міхаіла Герасімавіча.

Бюст Панцеляймона Лепяшынскага

Бюст выдатнага педагога, вучонага, актыўнага грамадскага дзеяча, якім і зараз ганарацца землякі, стаіць у вёсцы Ліцвінавічы. Яго імя носяць калгас і мемарыяльны музей, а таксама вуліцы ў Оршы, Гомелі, Магілёве, Чэрыкаве і Пскове, школы ў Маскве і Мінску. Ён быў узнагароджаны прэміяй за лепшую кнігу для журналістаў-пісьменнікаў рэспублікі. Панцеляймон Лепяшынскі з’яўляецца ганаровым старшынёй Аршанскага райвыканкама, ганаровым камсамольцам Беларусі. За заслугі перад Радзімай ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Акрамя таго, імя Лепяшынскага доўгі час насіла прэмія Савецкага Саюза ў вобласці публіцыстыкі.

Абеліск героям

У самым цэнтры вёскі Высокая стаіць помнік, які ўшаноўвае памяць 62 землякоў, што загінулі у Вялікую Айчынную вайну. Паставілі гэты абеліск у 1975 годзе. Зверху стэлы ўсталявана пяціканечная зорка, а на фасаднай старане зроблен надпіс: «Вечная слава воинам-односельчанам павшим в боях, за свободу и независимость нашей Родины».
Людзі з вялікай павагай прыходзяць сюды на вялікія святы, а таксама спыняюцца, калі проста праходзяць міма ў звычайны дзень. Пастаяць побач, успомняць герояў і падзякуюць ім за наша жыццё, будучыню нашчадкаў. Таксама знаёмяць дзяцей з подзвігамі продкаў і расказваюць аб іх ролі ў справе Вялікай Перамогі.

Помнік землякам

У скверы на паўднёвай ускраіне вёскі Стараград стаіць помнік 269 землякам, якія загінулі ў баях у час Вялікай Айчыннай вайны. Стэла гэта была усталявана ў 1976 годзе. А пазней тут з’явіліся дошкі з імёнамі загінуўшых салдат.
Зараз каля помніка ўжо шмат чаго змянілася за ўвесь час яго існавання. Напрыклад, пакладзена плітка, каб усе, хто жадае, маглі падыйсці да святога месца без перашкод. Былыя маладыя дрэўцы ўжо выраслі, а разам з імі і нашчадкі герояў-вызваліцеляў. Новае пакаленне памятае подзвігі народа і заўсёды прыходзіць да помніка, каб аддаць даніну павагі і прыхіліць калена перад імёнамі тых, хто дараваў ім незалежнае жыццё і спакойную будучыню.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"