Беларусы памятаюць праўду

Я вельмі люблю гэты апошні месяц вясны – песенна-шчымлівы, пераможны, такі па-сапраўднаму шчыры, добры, спакойны і мірны Май.

Люблю назіраць, як на дрэвах сінявокай Бацькаўшчыны з кожным днём падрастае новае лісцейка – сімвал новага жыцця, як адраджаецца сама прырода-матухна. А ў тыя вогненныя 40-я гады змагаліся таксама, як спявалі ў песні, нават “бярозы ды сосны,  партызанскія сёстры”, дапамагаючы сынам, братам, бацькам Айчыны… Пра наша мінулае не могуць не помніць яшчэ, на шчасце, жывыя 1,5 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай і 8,5 тысячы суайчыннікаў, што пацярпелі ад наступстваў вайны – у асноўным гэта вязні канцлагераў. Яны, на радасць, яшчэ побач з намі! Аднак горка ад таго, што самаму малодшаму ветэрану сёння ажно 96 год, а неўзабавае настане той час, калі пойдзе ад нас і ён.

У Беларусі пастаянна гараць 20 Вечных агнёў, яшчэ 100 запальваецца дадаткова ў дні святкавання важных нацыянальнаных і гістарычных святаў. У назвах многіх дзяржаўных мерапрыемстваў абавязкова прысутнічаюць паняцці “памяць”, “помніць”. Мы ўсе разам павінны рабіць многае, каб наша Беларусь помніла кожнага свайго героя, грамадзяніна, сапраўднага чалавека. Каб у нас станавілася больш патрыётаў, як, напрыклад, у новай партыі “Белая Русь”.

Пераможны Май – для мяне найперш Памяць. Вайна – святая памяць і неспатольны боль майго народа, перажыванні маёй душы. Прайшлі дзесяцігоддзі, як скончылася Вялікая Айчынная – самая жахлівая вайна ХХ стагоддзя, аднак пах таго пораху і ў ХХІ стагоддзі мы, беларусы, востра адчуваем у паветры: а як жа інакш – вайна закранула літаральна кожную  сям’ю. Сённяшняе пакаленне не ведае жахаў вайны, мы не бачылі спаленых, разбураных вёсак, мястэчкаў, гарадоў Бацькаўшчыны, не чулі стогнаў параненых, але мы, нашы дзеці і ўнукі павінны перадаваць як горка-драматычную спадчыну праўду пра вайну, якая прынесла нашаму народу шмат страт, гора, пакут.

З вышыні пражытых гадоў магу адразу сказаць: самая лепшая памяць – памяць сэрца. Бясспрэчна і другое: народ, які помніць, шануе сваіх герояў – вялікі, святы, непераможны народ. Многія дзесяцігоддзі мы, беларусы, здолелі пранесці высакародны заклік: ніхто не забыты, нішто  не забыта!

Я ўпэўнены, калі дома няма культуры памяці, калі дзецям не расказваюць аб продках-ветэранах, не выбудоўваюць генеалагічнае дрэва свайго роду, не наведваюць з імі памятныя мясціны, то ні аб якім патрыятычным выхаванні нельга гаварыць. Вельмі важна сёння быць разам з нашымі дзецьмі на месцах пахаванняў, разам з імі высвятляць, хто тут загінуў. І калі адна сям’я ўстановіць хоць бы яшчэ адно прозвішча невядомага салдата, гэта будзе найвялікшай узнагародай для душы. Гэта стане духоўным ордэнам для памяці і гістарычнай праўды.

Бясспрэчна, вайна – самае страшнае зло на Зямлі! І таму жыве ў нашай самай мірнай у свеце краіне, нягледзячы ні на што, народная, асабістая памяць пра тую страшную вайну – яна бессмяротная: ніколі не загояцца раны на сэрцы маёй Беларусі. Жыве, нягледзячы на тое, што сёння ў свеце руйнуюцца помнікі, перапісваецца сама гісторыя Другой сусветнай вайны, адурманьваюцца многія нацыі і народы. Дайшло да таго, што адраджаецца зноў у тым ці іншым выглядзе фашызм, генацыд у свеце. Генацыд для нашых заморскіх “сяброў” зноў стаў запатрабаваным. А фашысцкая свастыка – “цацачкамі”…

На шчасце, беларусы – не варвары: у розных кутках Беларусі, якая страціла кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям   самай трагічнай і кровапралітнай вайны на шматпакутнай зямлі. Сёння ў нашых вёсках, гарадах каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай: добра, што яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі, з’яўляюцца святымі мясцінамі ўшанавання загінулых, вечным напамінам нам, нашчадкам, пра тое, які бясцэнны мір. Гэта асабліва актуальна ў сёлетні Год міру і стваральнай працы.

Нельга забываць, што бяда не абышла і тых, каму пашчасціла вярнуцца дадому з крывавых палёў вайны. Многія затым памерлі ад франтавых ран, засталіся інвалідамі. Вайна, бясспрэчна, пакінула меткі на кожным пакаленні. Колькі ў нас спаленых і неадноўленых вёсак!

Не гасне памяць пра жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль, не затуманьваецца слава подзвігу майго народа. Лічу, што з пакалення ў пакаленне вельмі актыўна і эфектыўна павінна перадавацца эстафета гэтай усенароднай  памяці.

На жаль, сярод нас шмат і тых, хто ніяк не хоча ўсвядоміць, што мір прыйшоў менавіта дзякуючы тым салдатам, афіцэрам, партызанам, у каго хапіла стойкасці і адвагі, каб рашуча супрацьстаяць фашыстам. Байцы не задумваліся, што рызыкуюць сваім жыццём. Яны проста аддана ішлі абараняць сваю зямлю, сваю Радзіму. Менавіта Абаронцы падаравалі нам светлае і чыстае неба над галавой, яснае сонейка, спакойнае і мірнае жыццё. Ні ў якім разе нельга забываць пра вайну. Калі не забываеш сваё мінулае, яно не павінна паўтарыцца. І наадварот! Мы пажыццёва павінны быць  абавязаны тым, хто мірнае жыццё нам адваяваў.

Вайна ў беларусаў звязана з цяжкімі ўспамінамі – хтосьці згубіў цэлую сям’ю, хтосьці – проста блізкага, дарагога чалавека. Але ўсё гэта прынесла вялікія пакуты. Мне па жыцці часта даводзілася сустракацца з ветэранамі. Асабліва цяжка было слухаць, як мужна ваявалі, гінулі аднапалчане, як пакутавалі мірныя жыхары. Даводзілася хавацца ў лесе, баяцца кожнага шораху, змагацца з голадам і суровымі марознымі зімамі…

Вайна  засявала зямлю смяротным, атрутным насеннем, пакідала здратаваныя хлебныя нівы, кроў і слёзы, спаленыя гарады і вёскі і мела заўсёды аднолькава чорны, як сажа, колер – колер бяды. На спражцы рэменя кожнага нямецкага салдата быў надпіс: “Gott mit uns” (“3 намі Бог”). Сп’янелыя ад лёгкіх перамог над краінамі Еўропы, добра вымуштраваныя і выдатна ўзброеныя, фашысцкія ваякі верылі і ў гэта, і ў тое, што сказаў ім Гітлер: вы, салдаты фюрэра, людзі вышэйшай расы, свет належыць вам, а людзі на ўсходзе – расы ніжэйшай, палову іх мы знішчым, астатнія будуць служкамі Вялікай Германіі. Таму ідзіце наперад, захоплівайце іхнія землі, якія стануць  нашай жыццёвай прасторай, усталёўвайце там новы парадак, а непакорных бязлітасна знішчайце. Вайна будзе маланкавай, на месцы Масквы мы зробім вялізнае возера, і дапамагаць нам будзе сам Бог.

Але Бог, на шчасце, апынуўся не з тымі, хто заліваў зямлю крывёю жанчын і дзетак, хто рабаваў і паліў гарады і вёскі. Бог стаў на баку тых, хто не квапіўся на чужое багацце, хто бараніў Бацькаўшчыну.

Мільёны людзей былі ўцягнуты ў баявыя дзеянні, мільёны да знямогі працавалі на абарончых прадпрыемствах, мільёны не шкадавалі свайго жыцця і, заўважу, не лічылі гэта подзвігам.

На жаль, чым далей адыходзяць ваенныя падзеі, тым больш імкліва навязваюцца нам «новыя» варыянты гісторыі Вялікай Айчыннай. У нас, нашчадкаў тых, хто цаной уласнага жыцця выратаваў свет ад фашысцкай навалы, спрабуюць адабраць галоўную святыню – Перамогу. І таму сёння мы як ніколі ў адказе за Праўду пра Вайну. За памяць, якую павінны захаваць, каб урокі святой Вялікай Айчыннай, якія ў сувязі з апошнімі ваенна-палітычнымі падзеямі на Украіне з’яўляюцца надзвычай актуальнымі,  беларусам больш ніколі не давялося перажыць. Нам усім разам трэба даваць адпор фальсіфікатарам і псеўда- гісторыкам, абмяркоўваваць шляхі захавання і перадачы агульнай гістарычнай памяці, неміфічнай, нефэйкавай праўды.

Горка, аднак сёння дыскрэдытуецца ў свеце само паняцце патрыятызму, подзвігу, навязваюцца крывыя і ўродлівыя пункты гледжання пра сапраўдных герояў, якія перамаглі ў крывавай вайне. Нават гістарычныя аргументы, факты проста выцясняюцца з кантэксту падзей, скажаючы іх. Таму і ўзнікае шмат тлумачэнняў па спрэчных пытаннях пра сімвалы, калабарацыі, пра даваенныя тэрыторыі дзяржаў. Гэтым і карыстаюцца нашы заморскія ворагі, каму стабільнасць, мір зусім не патрэбны. Таму    фальсіфікацыі    па-дзей вайны, наўмыснае скажэнне гістарычных фактаў, прыніжэнне ролі савецкага народа ў перамозе – тыя актуаліі, якім апошнім часам вымушана супрацьстаяць беларуская грамадскасць…

Палітычныя псеўдасілы Еўропы імкнуцца  нават перапісаць Нюрнберг, дзе быў вынесены прысуд тым, хто распальваў вайну. Па сутнасці, гэта ўжо рэвізія вынікаў Другой сусветнай вайны, робіцца чарговая спроба рэабілітаваць сапраўдных вінаватых і памагатых у развязванні вайны. Нельга не ўспомніць, што ў ваенным паходзе супраць СССР разам з Германіяй выступілі Венгрыя, Румынія, Фінляндыя, Славакія, Італія. Іх войскі налічвалі каля 870 тысяч чалавек, 42 разліковыя дывізіі, звыш 6600 гармат і мінамётаў, 400 танкаў і 960 самалётаў. А ўсяго на баку Германіі ваявала каля 2 мільёнаў чалавек з 15 краін Еўропы. Многія з іх і пакінулі свой чорны след на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, удзельнічаючы ў знішчэнні беларусаў. Сёння разгорнута нябачаная раней фальсіфікацыя ваенных падзей, з’явілася нямала «шукальнікаў праўды», якія імкнуцца выяўляць і адкрываць толькі негатыўныя факты ваеннай гісторыі, перабольшваючы, а то і выдумляючы і падтасоўваючы розныя падзеі і факты, ствараючы міфы. Калі раней агрэсіўныя антысаветчыкі спрабавалі абвінавачваць Савецкі Саюз у распальванні Другой сусветнай вайны, то сёння ўжо прымаюцца адпаведныя рэзалюцыі на міждзяржаўным узроўні.

Добра, што ў Беларусі прапрацоўваецца пытанне, каб у кожнай вобласці і раёне былі створаны патрыятычныя цэнтры. Гэта паспрыяе, канешне ж, патрыятычнаму выхаванню моладзі. Для таго каб паспяхова будаваць шчаслівую Беларусь, мы ўсе разам павінны ствараць у краіне атмасферу нецярпімасці, якая б не дазваляла прарастаць гістарычнай хлусні, крывадушша, жорсткасці, невуцтву.Закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму” – вельмі актуальны. Гэты закон ўтрымлівае поўны паняційны апарат, які тлумачыць нам, што такое нацызм, што такое нацысцкая сімволіка і іншае.

Давайце ж часцей  ўспамнаць  словы вялікага  Анарэ Мірабо: “Сапраўдная і дзейсная памяць падвойвае жыццё!”

Канстанцін Карнялюк

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"