Свята зёлак і гарбаты збірала гасцей

SAM_1228Часта пасля складанага дня, цяжкай працы мы вяртаемся дадому і адпачываем за кубкам гарбаты. Кожны з нас выбірае яе на свой густ: зяленая, чорная, на травах, лекавая… пералічваць можна доўга. Традыцый прыгатавання і ўжывання гэтага цудоўнага напою таксама шмат. Супрацоўнікі Баравабудскага Дома культуры 16 ліпеня знаёмілі землякоў і гасцей «Свята зёлак і гарбаты», якое праходзіла ў рамках агляда-конкурса “Парад кірмашовых свят” са сваімі звычаямі. На пляцоўцы перад клубнай установай размясціліся гледачы, пачалося мерапрыемства. Вядучыя расказалі пра карысць некаторых раслін, напрыклад, што зараз налічваецца больш за 600 розных іх відаў, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Іх можна сустрэць у лесе, полі, абапал дарогі. Даўно падмеціў чалавек, што прырода можа дапамагчы пазбавіцца ад хваробы. Цераз пакаленні передаваліся народныя рацэпты. І зараз у аптэцы побач з сучаснымі медыкаментамі стаяць ўпакоўкі травяных таблетак, шклянкі з настойкамі, бутэлечкі з каплямі і іншае. Далей гасцям свята прапанавалі «зазірнуць» у краіну Лекавых Траў, дзе яны дазналіся, што з крапівы можна прыгатаваць смачныя стравы і жоўтую фарбу для харчовай прамысловасці і касметалогіі, што з дапамогай яе можна часова захоўваць прадукты і нават спыніць крывацёк. Даведаліся, што трыпутнік расце ў многіх краінах свету, а яго медыцынскія якасці былі вядомы больш за 3 тысячы гадоў таму. Таксама паслухалі пра лопух: яго маладое карэнне можа замяніць бульбу і моркву, у Кітаі ён і ўвогуле апрацоўваецца ях сельскагаспадарчая культура. Шмат цікавай інфармацыі паслухалі і пра іншыя карысныя расліны: дзьмухавец, рамонак, падбел, маліну, цыкорый, мяту, парэчку і многія іншыя. Галоўнае – правільна іх збіраць, нарыхтоўваць, берагчы і прымяняць, тады яны змогуць праявіць усе свае цудадзейныя якасці. Гледачам не давалі сумаваць: праз загадкі правяралі іх эрудыцыю, прасілі адказаць на пытанні з падвохам, разам з імі спявалі вясёлыя песні, а напрыканцы сустрэчы наладзілі чаяванне па ўсіх правілах. Артысты паказалі гумарэску «Курь’езны выпадак», а на пляцоўцы была арганізавана выстава і дэгустацыя гарбаты, на якой прысутныя спрабавалі ўгадаць, з якіх траў прыгатаваны напой. Трэба адзначыць, ім гэта ўдавалася вельмі добра! Відаць, усё ж такі захоўваюцца ў нашых сем’ях традыцыі чаявання. Завяршылася свята канцэртам народнага фальклорнага калектыва “Землякі”. Жыхары і госці вёскі Баравая Буда разыходзіліся ў добрым настроі, ураджаныя арганізацыяй мерапрыемства. “Карагод кірмашовых свят” не спыняе свой крок. Наступным разам мы пагасцюем у Барсукоўскім доме народнай творчасці, дзе будзем спрабаваць мёд і знаёміцца з традыцыямі пчалярства.

Таццяна Кулакова

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"