Святло яе вышыванак

Спрадвеку наша беларуская зямля славілася працавітымі людзьмі, майстрамі на ўсе рукі. У свае мастацкія вырабы яны ўкладалі прыгажосць і дабрыню душы, адлюстроўвалі запаветныя мары, таму іх работы не губляюць каштоўнасці на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Жывуць і зараз на нашай Кармянскай зямлі людзі, услаўляючыя ў сваіх вырабах святло душы, любоў да спадчыны. На сустрэчу са мной Ева Матвееўна Дземідзенка згадзілася адразу. Гэтай пасівелай, напрацаванай жанчыне было што паказаць і аб чым расказаць. У назначаны вечар я адчыніла веснічкі і апынулася ў двары дагледжанага дома. Гаспадыня вет-ліва сустрэла мяне на ганку: — Праходзь, мая ягадка, у другую хату.Стамілася я сёння трохі, кароў дачцэ да абеда дапамагала пасвіць, потым сена ўпараджалі. А зараз гуркі ўзялася засаліць. Шмат ужо загатавала, ды толькі шкода — прападуць. Дай, думаю, укіну ў бак з кропам ды часначком, можа галоднаму чалавеку ўзімку спатрэбяцца. Мяне вельмі ўразіла чысціня і ўтульнасць пакояў хаты. На чырвоным куце, на сценах, шафе, канапе шмат вышыванак, на стале растаўлены вазы з прыгожымі штучнымі ружамі. Запрыкмеціўшы маю цікавасць жанчына сказала: — Люблю чысціню і парадак. Мама з маленства прывучала. Яна казала, што жанчына павінна ствараць у хаце ўтульнасць і прыгажосць, каб чалавеку, пабываўшаму аднойчы, зноў хацелася пераступіць парог яе хаты. Вось пра што я даведалася ад Евы Матвееўны ў час нашай размовы.


Нарадзілася яна ў вёсцы Кляпін у 1932 годзе. Сям’я бацькоў жыла добра і сыта. Трымалі шмат жывёлы ў гаспадарцы: каня, кароў, свіней, птушку. У бацькоў было 9 дзяцей, але ў жывых засталося двое – яна і брат. У 1941 пачалася вайна, якая забрала і бацьку, і брата. Пасля вайны Ева засталася з хворай маці на руках. Чакаць з фронта не было каго, спадзявалася только на сябе. Сказаць, што было складана, не сказаць нічога. Было невыносна цяжка: хата згарэла, пухлі з голаду, тыф і дыфтэрыя людзей касой касілі, няма чаго абуць, некаму сплесці лапці. Колькі было радасці, калі нашы салдаты, якія часова размясціліся ў вёсцы пры вызваленні раёна, далі Еве вайсковыя, на тры памеры большыя, чаравікі. Яна зарабіла іх за працу — чысціла для ваенных бульбу – тры мяхі ў дзень. Дарагі падарунак дзяўчына надзявала толькі ў школу. Дома, нягледзячы на восеньскія халады, хадзіла басанож, шкадавала абутак. У 50-х гадах зусім маладой дзяўчынай выйшла замуж за хлопца-аднавяскоўца, нарадзіла яму чацвёра дзетак. Усё жыццё Ева Матвееўна працавала ў калгасе, і толькі тры апошнія гады перад пенсіяй рабіла прыбіральшчыцай у школе. На маё пытанне аб тым, хто навучыў яе так прыгожа вышываць, жанчына адказала: — Маці. Яна ў мяне была вельмі працавітай і вялікай майстрыхай. Умела прасць, ткаць, вышываць крыжыкам, гладдзю, добра вязала, рабіла прыгожыя каруначкі на падзоры, набожнікі, ручнікі. Вось ад яе і мне перадалося. Бывала, ў маладосці гаспадарку дагледзіш, хатнія павячэраўшы заснуць, вось тады пад свет газавай лямпы пачынаеш чараваць над кавалкам белай тканіны. Вышыванне для мяне не было марудай, гэта быў мой адпачынак і светлая радасць.


Матвееўна вынімала з шафы свае вышыванкі і расказвала мне: — Вось гэта – накутнік, а гэта падзор, вось сурвэткі, абрусы, ёсць і посцілкі саматканыя. — Колькі ж трэба часу, каб атрымаўся такі ручнік і што самае складанае ў творчасці вышывальшчыцы? — спытала я. — За тыдзень некалі спраўлялася. Зараз не вышываю. Рукі не слухаюцца, вочы не бачаць. Складанасці ў тым, што трэба ўзор акуратна перавесці на тканіну, ды шывок роўненька і шчыльна класці, — адказала жанчына. — Каму Вы перадалі свой талент? — дапытвалася я. — Дачка Ліда пераняла ад мяне гэту навуку, зараз лепш за мяне ўмее і вышаваць, і вязаць. Ды только каму яно ў наш час патрэбна? Ляжыць гэта дабро ў маіх шафах сёмы дзесятак, не ў модзе зараз”, — сумна ўздыхнула мая субяседніца. Кожная кветачка, лісцік, ягадка, якія перапляталіся паміж сабой на вышыванках чароўным ўзорам, і на якія хацелася глядзець бясконца, выпраменьвалі столькі дабрыні, святла і цеплыні рук майстрыхі, што, здавалася, хопіць гэтага багацця на доўгія гады і дзецям, і ўнукам і праўнукам Евы Матвееўны.
Зоя Гарбачова,
здымак аўтара