Паўстагоддзя ў радасці і ў горы

Абодва нарадзіліся ў 1932 годзе на Кармяншчыне ў жывапісным Засажэўі. Яна ў Кляпіне, ён – у некалі прыгожай вёсцы Струмень, якую да Чарнобыльскай катастрофы ласкава абдымаў магутны Сож. Першы раз М.Я. Малчанава замуж выйшла маладой дзяўчынай. Нарадзіла дачушку Надзейку, але сямейнае жыццё не склалася. Неяк суседка, што жыла недалёка, ведаючы Марусю, як працавітую, сціплую і прыгожую жанчыну, ўзяла ды і сасватала яе за свайго пляменніка. “Васіль хлопец спакойны, прыгожы, працавіты. Будзеш за ім, як за каменнай гарой”, — угаворвала яна Марыйку.


Першая сустрэча была пачаткам новага жыцця, менавіта яна звязала два лёсы назаўсёды. Не пабаяўся хлопец, што будучая жонка з дзіцём на руках. У маі 1960 года згулялі вяселле. Жыць маладым прыйшлося ў цеснай хаціне свякроўкі. Потым вырашылі зрабіць да хаты трохсцен. Малады муж і сапраўды быў на ўсе рукі майстра, таму зруб склалі хутка. Пайшлі адзін за адным дзеткі, напаўняючы новыя пакоі радасным смехам. Завялі сваю гаспадарку: каня, карову, свіней, курэй, гусей. Зямлі было шмат, толькі працуй, не лянуйся. Марыя Ягораўна нетаропка вядзе свой расказ пра мінулае: “Бывала выйду пад вечар, гусей маню, і яны адклікаюцца, здалёк мяне чуюць.


Узляцеўшы над вёскай і зрабіўшы круг, садзяцца прама на двор. Шчасліва мы тады жылі, дружна. Мой Васіль ніколі слова дрэннага на мяне не сказаў, жалеў вельмі». Споведзь пра жыццё працягвае Васіль Рыгоравіч: “Спаць ды гуляць не было калі, толькі ў вялікае свята можна было крыху адпачыць. Я браў у рукі гармонік, Маруся бубен і весялілася разам з намі ўся вёска”. Муж Марыі Ягораўне ў любой справе добрым памочнікам быў, а яна яму. Разам дровы пілілі, разам агарод засявалі. Дзеткі падраслі, частку хатніх спраў на сябе ўзялі, крыху лягчэй стала. А ў 1986 годзе грымнуў Чарнобыль і перакрэсліў, парваў на мелкія шматкі размераны ўклад жыцця вяскоўцаў.


Людзей пачалі перасяляць з забруджанай тэрыторыі. За хату выплацілі кампенсацыю, на гэтыя грошы Малчанавы купілі дом ў Карме, дзе і зараз жывуць. Пытаюся: “Як вам тут, правыклі трохі да новага месца, столькі ж гадоў прайшло?” Гаспадар, сумна апусціўшы галаву, не адказаў нічога. Жанчына заплакала, выціраючы кончыкам хусціны накаціўшыеся слёзы: “Не, мая птушачка, не прывыклі. Хоць бы і хацелі, а памяць зноў і зноў вяртае туды, дзе карані, дзе пахаваны нашы дзяды, бацькі». Залатыя юбіляры вельмі багатыя людзі, у іх 6 дзяцей, 15 унукаў, 5 праўнукаў. Спагадлівыя ўсе, часта наведваюцца, дапамагаюць бацькам, якія і зараз трымаюць гаспадарку.


На свята да бацькоў збярэцца ў хлебасольнай хаце ўся вялікая сям’я. Сядуць за гасцінны стол, каб павіншаваць родных людзей, пакланіцца і падзякаваць за любоў і пяшчоту, за дапамогу і падтрымку. А гэта і ёсць чалавечае шчасце, што на старасці гадоў побач спагадлівыя дзеці, унукі, праўнукі. Вельмі хочацца пажадаць Васілю Рыгоравічу і Марыі Ягораўне моцнага здароўя, сілы, шмат светлых і доўгіх гадоў жыцця і дачакацца яшчэ не аднаго праўнука.
Зоя Гарбачова