Любоу да роднай мовы – праз усё жыццё

Адна са старэйшых у раёне школ – Акцяброўская, стаіць у маляўнічым куточку прыгожай вёскі Акцяброва. Працуюць тут улюблёныя ў сваю справу людзі, нясуць дзецям свет ведаў, любові да сваёй краіны, роднай мовы. Адна з іх — Тамара Фролаўна Матарас — настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Ведаеце, за час нашай размовы з гэтым прыгожым чалавекам, я адпачыў душой, бо гутарка наша ішла на сакавітай роднай мове. Я стараўся знайсці патрэбныя словы, правільна іх ужыць. Сорамна! Усё болей і болей мы аддаляемся ад нашай спадчыны, пакінутай прашчурамі.


Але такія людзі, як Тамара Фролаўна пя- шчотна, па-мацярынску, зберагаюць кожнае беларускае слаўцо, народную мудрасць. У час нашага візіту настаўніца з вучнямі сёмага класа рэпеціравалі ўрывак “На сенажаці” з “Палескай хронікі” Івана Мележа. Дзяўчаткі з захапленнем ўжываліся ў ролі герояў знакамітага твора. Стаць настаўніцай гераіня майго аповяда вырашыла яшчэ ў першым класе. Напрацягу школьных гадоў, памкнення вучыць дзяцей яна не страціла, а наадварот, больш замацавала сваю мару. А дапамагла ёй гэта зрабіць першая настаўніца Паліна Фролаўна Федасенка, любоў жа да роднай мовы прывіла Лідзія Васільеўна Варшаўская. Скончыўшы Акцяброўскую школу, ажыццяўляць гэтую мару накіравалася ў Гомельскі дзяржуніверсітэт.


Пасля выпуску размеркавалі маладую настаўніцу ў Будакашалёўскі раён у Будалюшаўскую сярэднюю школу. Адпрацаваўшы там пяць год, вырашыла з сям’ёй пераехаць на малую радзіму, тым больш, што тут былі старыя бацькі, якім трэба была дапамога. Спачатку працавала выхавацелем групы падоўжанага дня, затым — выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, і вось крыху менш дваццаці гадоў прывівае дзецям любоў да матчынай мовы. І ведаеце якім чынам? У форме гульні. Вось адна з тэм яе цікавых урокаў: “Гульня, як сродак павышэння цікавасці да роднай мовы”. Інтрыгуючы? Так.


Праходзілі творчасць Янкі Купалы — зрабілі пастаноўку ўрыўка з п’есы песняра “Паўлінка”. Зараз на чарзе творы Мележа. Такая методыка дае свае вынікі. У гэтым годзе вучні 11 класа добра паздавалі тэсты, усе паступілі ў навучальныя ўстановы: чацвера ў ВНУ, астатнія ў каледжы. Былі і пераможцы ў алімпіядах па беларускай мове. Бывае так, што ўсяго сябе настаўнік аддае вучням, а сіл на сваіх дзяцей не хапае. Растуць яны як трава пры дарозе. А ў Матарасаў сіл хапіла на ўсіх, дарэчы муж Тамары Фролаўны – таксама настаўнік. Вырасцілі яны добрых сыноў: адзін з іх робіць кар’еру ў міліцыі, другі – выдатны ўрач, трэці – галоўны інжынер Гомельскага раёна.


Зараз Т.Ф. Матарас на пенсіі, але сіл працаваць далей яшчэ многа. Яе вопыт, веды, імпэт могуць быць прыкладам для моладзі, для будучых вучняў.
Віктар Ільюшчанка
Здымак М. БАГДАНОВІЧА