“Глухі тэлефон”, або як бацькі сына хавалі

Было гэта гадоў, мабыць, дзесяць таму. Памятаю, што расказвала гэту гісторыю баба Маня – суседка маёй бабулі. Для таго, каб вы, паважаныя чытачы, лепш яе зразумелі, паведамляць буду ад першай асобы.
Сяджу летам на вуліцы, карове есці рыхтую. Спякота – аж у галаве дрэнна і ў вушах гудзіць. Залятае ў двор суседка праз агароды, да тэлефона кліча, маўляў, нявестка з гораду тэлефануе. Я, як была, так і пабегла, а сама сабе думаю: “Што ўжо здарылася? Яны ж так рэдка з намі размаўляюць”. Бяру трубку і чую: “Алё! Ну, што, мама, дачакаліся!” А ў тэлефоне трашчыць нешта, адным словам, вясковая сувязь. – Прыязджайце! Сынок ваш убіўся! Шукаў ліха на сваю галаву – і знайшоў. А мне толькі праблем дабавіў. Сёння ноччу мне яго пад дзверы падкінулі зусім нежывога. Кончылася маё цярпенне! Што хочаце, то і рабіце са сваім Валерыкам!”.
І трубку кідае. Я нават нічога запытаць не паспела. Як стаяла, так і села. І ў голас! Тут няшчасце – сын памёр, а мне нявестка яшчэ і маралі чытае, крычыць! Дажылася! Дзе ж гэта відана, каб жонка так мужа хавала!
Пагаласілі мы дома ўдвох са старым, ды што ж зробіш? Відаць, доля наша такая. Суседзі грошы сабралі, а мы набылі вяночак і крыж. Ды касцюм шлюбны Валерын з шафы дасталі. Накіраваліся ў раён.
Прыехалі. Звонім у дзверы. Адчыняе нявестка. Бачу – на вачах дзеўка збялела, ды так і пасунулася на падлогу. А мы з бацькам стаім на парозе, плачам, вянок і крыж з рук не выпускаем. Пытаемся, дзе сыночак. А нявестка адказвае, быццам, нічога не разумее: «Там, у пакоі, на канапе трупам ляжыць. Ды ў нас ужо ўсе добра. А вы гэта чаго?»
І тут ледзь вылазіць з дзвярэй наш Валера: увесь сіні, за галаву трымаецца, а ад самаго перагарам за кіламетр нясе. І тут да мяне дайшло! Гэта ж мне, дуры старой, па тэлефоне падалося! Нявестка сказала “упіўся”, а я праз трэск у трубцы пачула “убіўся”. Мала таго, што на бедную нагаварыла, дык і да інфаркту чуць не давяла. Яшчэ б з гробам прыцягнулася! Атрымаўся ў нас самы сапраўдны “глухі тэлефон”.
Ну, затое бацька нашага Валерку на самой справе чуць не забіў за гэта здарэнне.
Сын піць перастаў, ды з той пары па вёсцы гаварыць сталі: “Глядзі, дап’ешся! Будзе, як з тым Валерыкам!”


Таццяна Кулакова