“Чачэрскія сустрэчы-2012”

Пад такой назвай вось ужо шосты год запар ладзіць свой фестываль народны артыст Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыва “Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь”, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. Суседняя чачэрская зямля прымала ў сябе VI свята беларускай музыкі.
Распачаўся фестывальны дзень з прэс-канферэнцыі Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. Каб размова насіла больш цесны характар, маэстра не сядзеў у прэзідыуме, а выйшаў да публікі і да прадстаўнікоў СМІ. Дарэчы гэтую падзею прыехалі асвячаць журналісты не толькі абласных сродкаў масавай інфармацыі, але і з Краснагорскага раёна Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі – галоўны рэдактар газеты “Красногорская жизнь” А.П. Сяўрук.
Перш чым прыступіць да адказу на пытанні, Міхаіл Фінберг расказаў аб развіцці нацыянальнай культуры Беларусі наогул і аб дзейнасці аркестра ў прыватнасці, фестывальным руху, які ажыццяўляе славуты калектыў. Ён адзначыў, што падрыхтоўка нават да гэтага фестывалю, які ладзіцца ў маленькім Чачэрску, ідзець на працягу года. У калектыве, які ўзначальвае маэстра і якому ў гэтым годзе спаўняецца 25 год з дня ўтварэння, працуюць высокакваліфікаваныя выканаўцы, усе яны выпускнікі Нацыянальнай акадэміі музыкі. Сорак два працэнты з іх маюць аспірантскую адукацыю, многія званні “заслужаны” і “народны”, дактароў і кандыдатаў навук, дацэнтаў. Аркестрам і яго мастацкім кіраўніком праводзіцца вялікая работа. Аб гэтым сведчыць лічба – 141, іменна столькі праведзена розных фестываляў і гэта толькі ў маленькіх гарадах Беларусі: Заслаўі, Несвежы, Міры і г.д. Акрамя таго, амаль усе канцэрты фестываля “Славянскі базар у Віцебску” праходзяць пад акампанемент аркестра Фінберга. У скарбонцы калектыва таксама 23 фестываля джаза, фестываль “Шлягеры на ўсе часы” і многія іншыя. Навукоўцамі-музыкантамі праводзіцца вялікая работа па вывучэнню, пошуку крыніц старажытнай музыкі не толькі беларускіх аўтараў, але і малавядомых замежных. Нямала ўвагі надаецца праектам, звязаным з юбілеямі нашых славутых кампазітараў 20 стагоддзя: Абеліёвічу, Пуксту, Шырме, Жыновічу, Смольскаму і іншым. Зараз прыкладаюцца намаганні, каб захаваць тую спадчыну, што нам дасталася – гэта галоўная задача беларускага мастацтва. Як сказаў Міхаіл Якаўлевіч, усе музыканты аркестра працуюць ужо на будучыню. Аж да 2014 года запланаваны і рыхтуюцца рознабаковыя фестывалі і музычныя праекты.
Цяперашні састаў калектыву працуе ў трох напрамках: сучасная эстрадная песня, сучасны джаз, музыка беларускай нацыянальнай спадчыны. Немалае месца займае гастрольная дзейнасць аркестра. За год адбылося 120 канцэртаў. Толькі ў Маскве іх было 83. Прысвечаны музычныя праграмы былі закладцы зорак дзеячам культуры. Адна з іх – у гонар Міхаіла Фінберга. Два праекты было ажыццёўлена на італьянскім тэлебачанні.
Але па словах дырыжора, галоўнае для яго і аркестра – выступленні ў маленькіх населеных пунктах Радзімы. Вялікая ўвага музыкантамі надаецца беларускай мове, песням на класічныя тэксты беларускіх паэтаў: Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Адама Міцкевіча, Адама Русака, Уладзіміра Караткевіча і іншым. Зусім нядаўна прайшла праграма, прысвечаная беларускім паэтам 18-19 стагоддзя. Адметна, што асноўныя выканаўцы кампазіцый – маладыя музыканты.
Міхаіл Якаўлевіч расказаў і пра другія не менш значныя праекты, якія былі ажыццёўлены і якія яшчэ адбудуцца ў бліжэйшую будучыню.
Затым маэстра адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі. Маё пытанне тычылася рабоце аркестра з маладымі эстраднымі выканаўцамі. Якімі трэба валодаць талентамі, каб стаць салістам славутага калектыву. Мне прыгадаўся адзін з канцэртаў у самым пачатку творчай дзейнасці музыкантаў, а было гэта ў 1988 годзе ў канцэртнай зале “Мінск”. Разам з аркестрам выступала тады яшчэ мала вядомая спявачка Іна Афанасьева, на “ура” гледачы прымалі ў выкананні аркестра творы Дзюка Эленгтона, Эдзі Рознера, Алега Лундстрэма. З тых пор Міхаіл Фінберг і яго калектыў даў пуцёўку ў самастойнае творчае жыццё не адной зорцы беларускай эстрады. Мой славуты суразмоўца падзякваў за пытанне і адказаў, што першым крытэрыям з’яўляецца пошук новых талентаў, другім – папулярызацыя беларускай нацыянальнай музыкі, трэцім – высокае прафесійнае майстэрства. Цяперашнія выканаўцы, а іх нямала, праз 4-5 год дзейнасці называюць сябе зоркамі, але добра не разумеюць, што гэта такое. Зорка – гэта той, на якога ідзе глядач, прадаюцца білеты на яго канцэрт. Многія з нашых спевакоў забываюць пра тое, што яны беларусы, што нарадзіліся тут. Стаць салістам нацыянальнага аркестра не так і проста, трэба прайсці сапраўдны, а не фальшывы конкурсны адбор, а апошніх, нажаль, стала больш. Самы вядомы высока-прафесійны і сапраўдны конкурс – гэта фестываль беларускай песні і паэзіі ў горадзе Маладзечна. На гэтым фэсце аркестр пастаянна працуе з 1993 года.
Немалая ўвага надаецца адукацыі. У калектыве могуць працаваць толькі высокаадукаваныя людзі. Тым, хто не ведае, як пішуцца ноты, няма чаго рабіць у аркестры.
Пасля размовы Міхаіл Якаўлевіч прадаставіў слова доктару мастацтвазнаўства, прафесару Вольге Дадзіёмавай, якая расказала аб адной з плыняў дзейнасці аркестра – прапагандзе музыкі беларускіх кампазітараў. Перад удзельнікамі мерапрыемства выступілі ансамблі флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў. Больш вялікі канцэрт гэтымі музыкантамі, а таксама салістамі на драўляных музычных інструментах, струнным квартэтам і струнным аркестрам быў дадзены ў кінаканцэртнай зале “Кастрычнік”. Складзены ен быў з твораў вядомага беларускага кампазітара Дзмітрыя Смольскага. Вольга Дадзіёмава шмат расказвала аб жыцці, творчым шляху кампазітара. На жаль, з-за перанесенай цяжкай аперацыі, кампазітар не змог прыехаць на Чачэрскія сустрэчы.
Фіналам фестывалю стаў канцэрт папулярнай эстраднай песні “З павагай да Чачэрску” Заслужанага калектыву “Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.


Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара