Салдаты Перамогі. Павел Апанасавіч Шутоў

ШутовВось ужо 70 год прайшло з таго часу, як была вызвалена Беларусь і 30 год, як няма на гэтай зямлі Паўла Апанасавіча Шутова, майго дзядулі. Ён – адзін з Салдат Перамогі,таму мой абавязак перад яго памяццю, а таксама ўсіх тых, хто заваяваў мір, расказаць пра гэта.
Нарадзіўся Павел Апанасавіч у 1912 г. у вёсцы Сырск у сялянскай шматдзетнай сям’і.
Адразу ж пасля пачатку вайны, 27 чэрвеня 1941 года, быў прызваны ў войска Насоўскім ваенкаматам Насоўскага раёна Чарнігаўскай вобласці Украінскай ССР. За подзвігі ў час вайны ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі” і “За адвагу”. Мы ж ведаем, што гэтыя ўзнагароды атрымлівалі за дзеянні, звязаныя з рызыкай для жыцця, якія садзейнічалі поспехам на фронце.
Быў у Сталінградзе. Апавядаў, што баі там вяліся вельмі жорсткія. Змагаліся за кожны дом, за кожны кавалак зямлі…Часам у адным доме нашы салдаты былі на першым паверсе, немцы – на другім, нашы – на трэццім і г.д.
Не раз смерць стаяла побач, але лёс даў Паўлу Апанасавічу яшчэ пажыць…
Усю вайну дзядуля прайшоў, а дакладней, праехаў (бо ён быў шафёрам) на адной машыне – палутарцы. Гэта знакаміты грузавы малатанажны транспарт Вялікай Айчыннай. Можна сказаць, адзін з сімвалаў вайны.
Аднойчы ехаў па полі. Пачалася бамбёжка. За машынай ўвязаліся нямецкія самалёты. Прыйшлося пятляць. Але як ні стараўся, адзін са снарадаў усё ж патрапіў амаль што па машыне. Выбуховай хваляй Паўла Апанасавіча выкінула з кабіны. Аглушаны і кантужаны, цудам застаўся жывы (усё гэта сказалася ўжо пасля вайны – ён быў паралізаваны і 4 з паловай гады праляжаў нерухомы). Калі прыйшоў у прытомнасць, убачыў, што груз раскінуты навокал. Што гэта быў за груз? Вёз ён машыну грошай. Усюды валяліся цэлыя і разарваныя купюры і нават пачкі. Трэба адзначыць, што дзядуля ні рубля не ўзяў сабе, ды і ніхто з тых, што прыйшлі на дапамогу такога не зрабілі. Гэта было галоўнае правіла Паўла Апанасавіча – ніколі не браць чужога. Так ён і жыў. Гэтаму вучыў сваю дачку, унукаў.
Другі выпадак надарыўся ўжо, калі фарсіравалі Дняпро. Прыходзілася штурмаваць раку на плытах. Іх падраздзяленне плыло на сямі плытах па 5 – 6 чалавек на кожным. Пераплывалі пад няспынным артылерыйскім і кулямётным агнём праціўніка, які засеў на супрацьлеглым, добра ўмацаваным беразе. Так што нашы воіны былі як на далоні, адкрытыя і фактычна безабаронныя. Плыты перакульваліся і разбіваліся пад ударамі снарадаў, людзі гінулі, але нашы воіны плылі наперад, а з берага адпраўляліся ўсё новыя і новыя прыстасаванні для пераправы.
З усяго падраздзялення пашчасціла дабрацца толькі аднаму плыту, на якім засталіся жывымі два чалавекі: Павел Апанасавіч, які не атрымаў нават ні адной драпіны і яшчэ адзін таварыш, якога параніла.
За час вайны давялося пабываць і ў медсанбаце. Раненне вылечваў на Волзе. У цяжкія часіны марыў уцалець, вярнуцца дадому, убачыць родных і блізкіх.
Прайшоўшы ад Масквы да Берліна, няраз бачыў смерць сваіх таварышаў, сяброў. Успамінаў, што амаль заўсёды ў атаку ішлі са словамі: “За Радзіму! За Сталіна!”. Наогул, апошняга дзядуля лічыў сваім кумірам, з яго імем звязваў перамогу савецкага народа. Але ў дадатак да гэтага Павел Апанасавіч казаў, што перамогу вынеслі на сваіх плячах простыя радавыя салдаты.
І пазней, калі гучала песня “Дзень Перамогі”, альбо па тэлебачанні паказвалі ваенныя фільмы, мой дзядуля не мог стрымаць слёз. Пра вайну Павел Апанасавіч заўсёды гаварыў з болем, але не мог абыйсціся пры гэтым без песні. Ён ніколі не расставаўся з песняй ні на вайне, ні па жыцці. У яго быў выдатны звонкі голас. Усе ведалі вадзіцеля-запявалу, бо ён мог падняць настрой, як той знакаміты персанаж Твардоўскага – Васіль Цёркін.
Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй не адразу вярнуўся да мірнага жыцця, быў адпраўлены на вайну з Японіяй.
Ваяваў у Манчжурыі з Квантунскай арміяй “самураяў”. Японцы супраціўляліся зацята і ўпарта.
Рызыкуючы жыццём пад абстрэлам ворага, часта прыходзілася падвозіць на перадавыя пазіцыі баепрыпасы.
І калі яны заканчваліся ў “самураяў”, тыя нечакана выскоквалі, кідаючыся наперад з нажамі. На аднаго такога смяротніка-камікадзэ і трапіў Павел Апанасавіч. Што выратавала жыццё? Лязо нажа патрапіла не дакладна ў сэрца, дзякуючы гузіку, змяніла вугал і моц удару.
Атрымаў мядаль “За баявыя заслугі”. У архіве я знайшоў загад аб узнагароджанні.
Дэмабілізаваўся Павел Апанасавіч 22 чэрвеня 1946 г. Дата даволі сімвалічная.
Што тут дадаць? Не любіў Павел Апанасавіч казаць “высокія” словы. За яго больш гаварылі справы і тое, як ён адносіўся да свайго абавязку, маючы такія рысы характару, як сціпласць, пачуццё адказнасці, адчуванне пляча таварыша, справядлівасць, шчырасць і сумленнасць.
Раней я лічыў майго дзядулю простым радавым салдатам, якіх было шмат. І гэта сапраўды так… Але кожны з іх – герой, які зрабіў немагчымае, зламаўшы хрыбет фашызму. Я вельмі ганаруся сваім продкам. Ён быў і застаецца Салдатам Перамогі.
P. S.: Звяртаюся да чытачоў: “Напішыце і вы пра сваіх бацькоў, дзядуль і прадзядуль. Бо гэта наш маральны абавязак перад імі, перад іх Подзвігам. Каб памяталі нашчадкі!”
Валерый Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"