Краязнаўчая крынічка

Нарысы гісторыі Кармяншчыны

Ў СКЛАДЗЕ ЧАЧЭРСКАЙ І ПРАПОЙСКАЙ ВАЛАСЦЕЙ

У другой палове ХІV – першай палове ХVІ стст. землі Кармяншчыны ўваходзілі ў склад Чачэрскай і Прапойскай валасцей Вялікага Княства Літоўскага (з 1510 г. – старостваў). Гэтыя тэрыторыі адносіліся да катэгорыі  так званых “Падняпроўскіх валасцей” і займалі пэўнае становішча ў сістэме зямель Вялікага Княства Літоўскага.

Важнай асаблівасцю такога становішча была сістэма шырокага самакіравання, прычым у нас яна адносілася да сельскай мясцовасці, а, як вядома, шырокія правы мясцовага самакіравання на той час мелі яшчэ толькі гарады (напрыклад, Полацк ці Віцебск са сваім вечам).
На чале воласці (староства) стаялі вялікакняжацкія намеснікі (старосты), якія прызначаліся вялікімі князямі і збіралі даніну з сялянскага насельніцтва. Цікавая акаліч-насць: намеснікамі чачэрскімі і прапойскімі адначасова прызначаліся адны і тыя ж асобы. Гэта, напэўна, сведчыць аб тым, што землі нашага рэгіёну ўжо тады ўяўлялі адзінае цэлае ў гаспадарчым, палітычным, ваенным і, як вынік, адміністрацыйным плане.
Хто ж кіраваў нашымі далёкімі продкамі ў тыя часы? Пісьмовыя дакументы захавалі імёны намеснікаў (старостаў) чачэрскіх і прапойскіх. У першай палове ХVІ ст. гэта: Я. Няміра (1510–1511), М. Юр’евіч (1514), С. Чартарыйскі (1518–1524), Ф. Вішнявецкі (1526–1529), А. Дашкавіч (да 1535), І. Вішнявецкі (1536–1543), Ю. Насілоўскі (1543–1544).
Воласць жа ўяўляла сабой адміністрацыйную адзінку, у склад якой уваходзілі асобныя сялянскія абшчыны на чале з выбарнымі старцамі. Аднак за права іх выбіраць сялянскія абшчыны павінны былі плаціць. Старцы выбіраліся на мясцовым сялянскім сходзе (абшчынным вечы), як гэта было і ў ХІ – ХІІІ стст.
Формай грамадскай арганіза-цыі з’яўлялася суседская сельская абшчына, якая ўваходзіла ў склад шырэйшай арганізацыі – воласці. Абшчына валодала правам разбору некаторых крымінальных спраў у копным (сялянскім) судзе, размеркаваннем і зборам даніны і падаткаў. Як і дзвесце ці трыста гадоў таму, многія спрэчкі паміж сялянамі-абшчыннікамі вырашаліся на аснове звычаёвага права, як тады казалася: “як у часы дзядоў”. У грамадскім карыстанні абшчыны былі пашы, сенажаці, лясы і воды.
Сяляне-даннікі – асноўная катэгорыя мясцовага насельніцтва – павінны былі плаціць даніну і “мёд” (“мядовае”). Першае яны плацілі намеснікам і старцам, а тыя накіроўвалі ў “скарб” (вялікакняжацкую казну), другое – непасрэдна вялікакняжацкім ключнікам. Як вядома, бортніцтва – збор мёду дзікіх пчол, было адным з важнейшых промыслаў нашых продкаў. Так той, хто першым заўважыў дрэва з борцю, ставіў там сваё кляймо (высякаў на дрэве свой знак), і ніхто іншы ўжо не меў права на гэтую борць. Як паказваюць гістарычныя крыніцы, вельмі часта менавіта спрэчкі з-за гэтага станавіліся прадметам разбіральніцтва копнага суда. З кожнай борці селянін ўплочваў “мядовае”.
На тэрыторыі Пасожжа сфарміравалася асобая мясцовая катэгорыя “баляр”, вядомая ў крыніцах ХVІ – ХVІІІ стст. як “сожская шляхта”. Яна за валоданне землямі павінна была служыць вялікаму князю. Адпаведна, галоўнай адзінкай падатка абкладання ў Падняпроўскіх валасцях была так званая «служба». Як бачым, асноўная маса насельніцтва нашай мясцовасці па-раней-шаму заставалася асабіста свабоднымі.
Цікавая акалічнасць, што нашы землі знаходзіліся ў памежнай зоне, на “ўскраіне”, іх у дакументах так і называлі: “ўскраінныя”. І тут меліся свае плюсы і мінусы.
У той час, як па Заходняй Еўропе прайшлася эпідэмія чумы, ад якой памёрлі да 70% усяго насельніцтва краін, то наш рэгіён у гэтым плане лічыўся адносна небяспечным. Больш за тое, дзякуючы ўключанасці ракі Сож у “дняпроўскую водна-гандлёвую сістэму”, у нашых продкаў быў выхад у суседнія рэгіёны і дзяржавы, у тым ліку і Масковію.
З іншага боку, памежнасць параджае няспынныя войны і канфлікты, пачынаючы з пачатку ХVІ ст., ад якіх моцна цярпела мясцовае насельніцтва. Вось чаму дзяржава была зацікаўлена ў існаванні адносна свабоднага насельніцтва і даволі шматлікай служылай шляхты. Іх прывілеі замацоўваліся ў мясцовых граматах.
Дзяржава была зацікаўлена ў развіцці гандлёвых сувязей і адносін. Таму таксама выдаваліся адпаведныя граматы. Прыкладам такога дакумента з’яўляецца “Грамата менскаму купцу Церашковічу на бязмытны гандаль у гарадах ВКЛ”.
Паважаныя чытачы, ў завяршэнне прапануем вам звярнуць ўвагу на мову, на якой пісалі і размаўлялі нашы продкі ў тыя далёкія часы:
Грамата Казіміра Ягайлаві-ча менскаму купцу Церашко-вічу на бязмытны гандаль ў гарадах вкл 5 мая 1480г.
«Казимир божью милостью… (далей ідзе тытул).
Князем нашим, и паном, и наместником, и тивуном, и бояром, и мытником, и всим заказником тот наш человек, мещанин менский Лука Терешкович, торгуесь нашим дубасом бобруйским троцкое половины и нашими пенязьми; а от того нам прибытку дает. И вы бы от нашего дубаса и от его комяги мыта не брали бы. Есте в Глуску, в Погосте, в Чорторыску, у Куликовичох, в Чет, в Ертни, в Луцку, у Вострозе, в Степани, в Дубровицы, в Городку, у Турове, у Паустьи, в Пинску, в Берестьи, в Дорогичине, в Каменцы, в Слониме, в Ковне, в Новегородцы Литовском, в Менску, в Смоленску, в Орши, в Могилеве, в Рогачеве, в Лучине, в Стрешине, в Речицы, Гомьи, в Чичерску, в Пропостку, в Кричове, в Мстиславли, (вы-дзелены гарады Падняпроўскіх валасцей, — аўт.) в Дорогобужи, у Вязме, в Новегородцы Северс-ком, в Радогощи, в Трубецку, в Брянску, в Стародубе, в Чернигове, у Вышегороде, в Киеве, в Путивли, в Черкасех, в Житомири, в Чуднове, во в Уречьем, в Чорнобыли, в Мозыри, в Нозове, в Любочи, в Грезску, по всим нашим мытом, и по князским, и по панским, и по боярским, сухим и водою. А который бы хотели через наш лист силу ему чинити, а мыто взята от нашего дубаса и от его комяг, тот нам великую вину заплатить.
Писан у Вильни мая 5 день, индикт 6».

Краязнаўчая энцыклапедыя у пытаннях і адказах

Што такое “кармянскія глякі”?

ГЛЯК – гэта гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў: алею, квасу, вады, малака, смятаны і г. д. Гляк адрозніваўся ад іншага посуду тым, што ён быў больш аб’ёмны (ад 5 да 10 літраў), меў круглую форму з маленькім донцам і вузенькай гарлавінкай. Зручнасць такой канструкцыі заключалася ў тым, што калі нават гляк з вадой перакуліцца, то з яго выльецца толькі невялікая частка вадкасці, а большая частка захаваецца. Глякі з вадой бралі ў поле жанчыны, калі адпраўляліся жаць жыта, мужчыны, калі выходзілі на сенакос.
Здаўна Кармяншчына сла-вілася вырабам гэтага посуду. Былі свае майстры ў Ста-раградзе, Ворнаўцы, Кароць-ках, Лужку, Хізаве і іншых мясцінах. Вырабленыя глякі прадаваліся на кірмашах і ярмарках у Гомлі, Чарнігаве і Смаленску. Майстры ганарылі-ся сваёй працай, ставілі свае клеймы, “падпісваючы” іх. Відаць гэтая традыцыя даволі старажытная, але дакументальныя сведчанні аб такіх занятках майстроў Кармяншчыны зафіксаваны толькі ў канцы ХVІІІ – ХІХ стст. Глякамі з пазамінулага стагоддзя карысталіся дзе-нідзе нават ў пасляваенны час.
Рабілі глякі на спецыяльным станку, які называўся ганчарным кругам. Пасля падсыхання іх ставілі ў спецыяльную печ, дзе яны абпальваліся і станавіліся трывалымі, не прапускалі ваду і ніколі не размакалі ў вадзе.
Нашы продкі ўжо даўно заўважылі яшчэ адну важную ўласцівасць такога посуду: ён здольны доўга захоўваць цяпло або холад. Вось чаму ў спёку можна напіцца са збана халод-най вады ці малака. Або, напрыклад, хутка сквасіць малако, наліўшы яго ў збан і паставіўшы яго каля цёплай печы. Печ астыне, а малако ў гляку будзе цёплым.
Вось што старажылы распавядаюць пра выкарыстанне такога посуду ў ранейшыя часы. Вясковыя жанчыны ве-далі дадатковы спосаб ахаладжэння налітага туды малака. Яны выкарыстоўвалі яго, калі ўлетку насілі малако на продаж у Карму, Чачэрск ці Прапойск. На дварэ стяла летняя спякота. Тэмпература на сонцы даходзіла да 35 – 40 градусаў, а каб дайсці да рынка патрабавалася не адна гадзіна часу. Малако магло скіснуць. Каб гэтага пазбегнуць, жанчыны рабілі так: выходзілі за вёску, даходзілі да балота, лавілі там 2-3 жабы і апускалі іх у гляк з малаком. Тэмпература цела ў жывелы складае толькі 15-16 градусаў. Яны і купаліся ў малацэ і добра яго астужалі. На базары падыходзілі па-купнікі са сваім посудам. Гаспадыня брала гляк, абвязаны марляй ці іншай матэрыяй і налівала пакупнікам малако.Тыя, перш чым купіць, каштавалі яго на смак. Малако было свежым, халаднаватым, не кіслым. Калі ўсё прадавалася, жаб выпускалі. А тое, што ў малацэ былі жывыя істоты, не засмучала нікога…

Наш каляндар. Снежань.

106 гадоў таму — 7 снежня 1909 г. у в. Задушнае Навасільскага раёна Арлоўскай вобласці нарадзіўся Ушакоў Сцяпан Лаўрэнавіч – Герой Савецкага Саюза. У Чырвонай Арміі ў 1930-1933 гг. 3 ліпеня 1941 г. – на Калінінскім, Бранскім, 2-ім Беларускім франтах. Камандзір узвода разведкі старэйшы сяржант С. Ушакоў вызначыўся ў баях за вызваленне Кармянскага раёна. 08.11.1943 г. каля в. Салабута ўварваўся ў варожы дзот і знішчыў кулямётны разлік, чым забяспечыў узводам захоп траншэі ворага. 14.11.1943 г. таксама ўварваўся ў дзот ворага і знішчыў яго. Падчас прарыву абароны ворага поруч вёсак Казамірова, Паштовая Глінка знішчыў 13 гітлераўцаў, пяцярых захапіў у палон. У баях з 29 лістапада да 9 снежня 1943 г. узвод адбіў некалькі контратак ворага, знішчыў больш чым 60 гітлераўцаў. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1944 г. Памёр 28.10.1965 г.
104 гады таму – 28 снежня 1911 г. у в. Сапажкі нарадзіўся Мажэйка Павел Віктаравіч – Герой Савецкага Саюза. Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу лётчыкаў (1933), Арэнбургскую школу лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў (1935). З чэрвеня 1941 г. на Паўднёва-заходнім, Варонежскім, 1-ым і 4-ым Украінскіх франтах ваенкам авіяэскадрыллі, намеснік начальніка палітаддзела дывізіі, намеснік камандзіра асобага палка па палітчастцы, камандзір авіяэскадрыллі, намеснік камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Маёр Мажэйка вызначыўся ў баях за Карпаты ў жніўні 1944 – лютым 1945 г., на тэрыторыі Венгрыі і Чэхаславакіі. Ажыццявіў 112 вылетаў. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1945 г. Да 1950 г. — у СавецкайАрміі, падпалкоўнік. Памёр 19.01.1987 г.
74 гады таму – у снежні 1941 г. з’явілася распараджэнне ЦК ЛКСМБ аб перанясенні дыслакацыі і баявых дзеянняў Кармянскага партызанскага атрада на тэрыторыю Кармяншчыны, гэтае пытанне курыраваў першы сакратар Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ Іван Яўсеевіч Палякоў.
73 гады таму – у снежні 1942 г. у складаных умовах спыніла сваю дзейнасць Гарадоцкая падпольная арганізацыя.
73 гады таму – у снежні 1942 г. камсамольская падпольная група на чале з Валянцінам Кандраценка і Нінай Левенковай пачалі падрыхтоўку аперацыі па вызваленні ваеннапалонных з лагера у вёсцы Стары Доўск.
73 гады таму – партызанамі атрада імя В. Чапаева 10-й Журавіцкай брыгады 3 снежня 1942 г. на шашы Гадзілавічы – Доўск былі знішчыны 5 нямецкіх грузавых аўтамашын, якія ішлі на фронт, забіта 10 немцаў, захоплена 10 вінтовак, адзенне, мыла і цукар.
73 гады таму – 12 снежня 1942 года партызанамі патрызанскага атрада імя В. Чапаева 10-й Журавіцкай брыгады быў знішчаны нямецка-паліцэйскі гарнізон у в. Ворнаўка, забіта 4 немца, захоплена 4 кулямёты, 12 вінтовак, гранаты, абмундзіраванне. Да партызан далучыліся 30 паліцэйскіх.
73 гады таму – 16 снежня 1942 года партызанамі патрызанскага атрада імя В. Чапаева 10-й Журавіцкай брыгады быў разгромлены нямецка-паліцэйскі гарнізон у в. Дзедлава Журавіцкага раёна.
53 гады таму – 25 снежня 1962 года ў выніку адміністрацыйнай рэформы быў расфарміраваны Кармянскі раён, тэрыторыя якога была далучана да Рагачоўскага раёна.

Выпуск падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"