Рагачоў сустракаў сяброў на Дзень беларускага пісьменства

2 3 4 5 1 4 Два дні запар, 3 і 4 верасня, Рагачоў сустракаў гасцей свята Дня беларускага пісьменства. Адноўлены, прыгожы горад над Дняпром нездарма стаў сталіцай літаратараў, кнігавыдаўцоў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. З гэтым горадам звязаны лёсам знакамітыя пісьменнікі, паэты, крытыкі, драматургі. Імёны Андрэя Макаёнка і Уладзіміра Караткевіча вядомы многім чытачам не толькі Беларусі, але блізкага і далёкага замежжа.
Сваім творам “Ладдзя роспачы” Уладзімір Караткевіч праславіў Рагачоў. Тут жылі яго сваякі, сюды ён прыязджаў адпачыць душой, на беразе сівога Дняпра задумваліся многія творы класіка.
П’есы Андрэя Макаёнка “Лявоніха на арбіце”, “Зацюканы апостал” і многія іншыя ставіліся не толькі на беларускіх сцэнах, але даволі папулярныя на падмостках у суседніх краінах: Расіі і Украіне.
Дзень беларускага пісьменства пракрочыў па Рагачоўшчыне. Асноўныя мерапрыемствы распачаліся 4 верасня ў храме святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Пасля пасадкі Сада Малітвы адбыўся хрэсны ход, Божая літургія.
На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, якая разкінулась на цэнтральнай плошчы сталіцы свята, адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства мастацка-тэатралізаванай дзеяй “Беларусь – спрадвечная песня”. Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню свята ў Год культуры Наталля Качанава вітала ўдзельнікаў, шматлікіх гасцей, гаспадароў. Яна зачытала прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У ім адзначана, што “гістарычная памяць і гонар за Радзіму служаць трывалым падмуркам для далейшага развіцця краіны”. Старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Дворнік, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што Дзень беларускага пісьменства дапаможа прыцягнуць увагу нашых жыхароў, асабліва моладзі, да нацыянальнай культуры, заахвоціць звярнуцца да твораў класікаў і сучасных пісьменнікаў. Для Дома кнігі ў Рагачове губернатар падараваў фаліянт “Гомельская губернія”, выдадзены “Гомельскай праўдай”, назваўшы яго летапісам рэгіёна, у якім ёсць старонкі , напісаныя і жыхарамі Рагачоўшчыны.
Па словах міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, штогод у нашай краіне выдаецца звыш 11 тысяч найменняў кніг, 33 мільёны – для кнігарняў і бібліятэк. Верыцца, што ўсе яны знойдуць сваіх чытачоў.
На свяце ўшанаваны лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. За зборнік гістарычных апавяданняў “Цяпло ранейшых вогнішчаў” Ганаровы дыплом, статуэтку і грашовую прэмію ў намінацыі “Найлепшы твор прозы” атрымаў Алесь Марціновіч.
У намінацыі “Найлепшы твор паэзіі” ўладальнікам прэміі стаў Мар’ян Дукса за кнігу “Птушка вечнасці – Душа”.
У намінацыі “Найлепшы твор публіцыстыкі” прэмія прысуджана пісьменніку-гісторыку Мікалаю Барысенку за кнігу “Рэха Вялікай вайны ва Усходняй Беларусі (1914-1918)”.
У намінацыі “Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва” лаўрэатам стаў Сяргей Давідовіч за кнігі “Дзедава жалейка”, “Баявыя ні-чыі”, “Залаты буліт”.
У намінацыі “Най-лепшы драматычны твор” перамог Ягор Конеў з п’есай “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы”.
Сярод удзельнікаў сёлетняга Дня беларускага пісьменства ў Рагачове – прадста-ўнікі акрэдытаваных у краіне пасольстваў і ўпершыню – амаль дваццаць беларускіх дыяспар з блізкага і далёкага замежжа.
Цікавымі і разнас-тайнымі па сваім каларыце, асаблівасцях былі пляцоўкі майст-роў, мастакоў якія працавалі на вуліцах горада. Тут можна было пабачыць і набыць карціны, вырабы ганчароў, бан-дароў і іншых.
Знайшліся забавы і для маленькіх. Для іх раскінуліся атракцыёны, можна было пракаціцца на конях, поні.
На адной са сцэнічных пляцовак адбыўся паказ своеасаблівага адзення аздобленага саломкай, праводзіўся конкурс бальнага танца.
Жадаючыя аглядалі выставу ваеннай тэхнікі.
Зорка беларускай эстрады Аляксей Хлястоў на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы прадставіў сваю канцэртную праграму.
Фіналам Дня беларускага пісьменства стала ўрачыс-тае закрыццё свята, цырымонія перадачы эстафеты, якую прыняў старажытны Полацк. Затым адбыўся канцэрт “Прысвячэнне песняру” да юбілея Уладзіміра Мулявіна з удзелам дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.
Начное неба над Рагачовам заззяла агнямі феерверка.
Віктар Ільюшчанка
Фота М. Багдановіча

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"