Абярэг-конік: загадкавы артэфакт альбо старажытны сімвал нашай зямлі?

Паважаныя чытачы! На гэты раз гаворка пойдзе пра загадкавыя атрэфакты, якія знаходзяць археолагі вось ужо не адно дзесяцігоддзе на землях нашага рэгіёна – абярэгі-конікі. Адна з такіх фігурак была знойдзена і ў нас – ва ўрочышчы Грэнск (1,5 км. ад в. Ворнаўка) пры даследванні мілаградскага гарадзішча ў канцы 70-х гг. мінулага стагоддзя. Самае цікавае, што такія рэчы сустракаюцца ў радзімічаў на працягу не аднаго тысячагоддзя, пачынаючы з ранняга жалезнага веку, і нават пазней. Што гэта? Чаму так доўга захоўвалася традыцыя? І ці можна назваць гэта своеасаблівым сімвалам гісторыі нашай зямлі? Меркаваць вам.

9892645mАбярэгі-конікі — адны з найбольш часта сустракаемых сакральных прадметаў у Верхнім і Сярэднім Падняпроўі і Падзвінні, а таксама ў раёнах, якія прылягаюць да іх. Яны сістэматызаваны і апісаны, вызначаны месцы іх вырабу. Але дакладнага адказу, чаму раптам пачалася масавая іх вытворчасць у старажытнарускі час, з чым гэта звязана і дзе вытокі гэтай з’явы, няма.
Найбольш старажытныя з вядомых абярэгаў-конікаў з’яўляюцца ў раннім жалезным веку. Яны былі звязаны з днепрадзвінскай і, часткова, мілаградскай культурамі. Самыя выразныя па стылістыцы і тэхніцы выканання – бронзавыя абярэгі, знойдзеныя на гарадзішчах Холмец (р. Дзясна) і Новыя Батэкі (басейн Дняпра). Найбольш блізкі да іх канёк з гарадзішча Уваравічы-1 (басейн Сожа) і ва ўрочышчы Грэнск (Кармянскі раён). Апошні прадмет толькі адрозніваецца тым, што быў зроблены з гліны, а не з бронзы ці жалеза, як іншыя.
Выразна выяўленая пышная конская грыва, пыса, чатыры дэтальна прапрацаваныя нагі, размешчаныя паасобна ці здвоеныя, вушка-гафтачка ў частцы шыі і так званы «хвост» – апушчаная ўніз завяршальная частка, якая з’яўляецца палавой прыкметай мужчынскай асобіны. Знойдзеныя абярэгі-конікі былі распаўсюджаны да другой паловы I тыс. да н. э. і, напэўна, існавалі на працягу ўсяго ранняга жалезнага веку. Магчыма, яны належалі жрацам і былі прызначаны для вызначаных сакральных дзеянняў.
Культ святога каня быў шырока рас-паўсюджаны ў германскіх плямёнаў, пры-балтыйскіх славян і ў балтаў. Захаваліся сведчанні старажытных аўтараў пра святых коней у паганскіх храмах, святадзействах, звязаных з імі; выкарыстанні іх у прадказаннях лёсу.
Балта-славянская прыналежнасць гэтай тэрыторыі на працягу I тыс. да н. э. — I тыс. н. э. захавала культ каня на працягу ўсяго гэтага часу, пра што сведчаць дадзеныя археалогіі.
Падкрэслены мужчынскі пачатак у абярэгах-коніках ранняга жалезнага стагоддзя ставіў сваёй мэтай супрацьпастаўленне жаночаму, прадстаўленай у выяве Багіні-маці, багіні ўрадлівасці. Другі перыяд з’яўлення абярэгаў-конікаў звязаны са старажытнарускім часам.
Усе абярэгі-конікі, знойдзеныя практычна ў курганах, звязаны з жаночымі пахаваннямі, гэта значыць ёсць несумненная іх сувязь з жаночымі паганскімі рытуаламі і, у першую чаргу, з культам багіні ўрадлівасці. Узнікае пытанне: чаму абярэгі-конікі атрымалі такое распаўсюджанне ў старажытнарускі час? Самыя раннія з іх з’явіліся да канца Х — пачатку XI стст. і ўжо ў XIII ст. яны практычна знікаюць. З’яўленне іх можна растлумачыць толькі хрысціянізацыяй насельніцтва. Барацьба з паганствам прывяла да таго, што паганская абраднасць хавалася, набывала новыя формы. Як адзначалі даследчыкі, жаночы культ Багіні-маці вельмі блізкі да культу грэцкай багіні Дземетры, адной з выяў якой быў конь. У славянскай інтэрпрэтацыі гэта багіня Макош. Гэта культ зямлі, урадлівасці, пладавітасці. Таксама гэта культ варажбы, пазнавання лёсу, які злучаны быў з канём. Немагчымасць адкрытага адпраўлення жанчынамі паганскіх рытуалаў, звязаных з шанаваннем Багіні-маці, вылілася ў нашэнне гэтых прадметаў, якія і ўвасаблялі гэтыя дзействы.
На нашу думку, святкаванне і шанаванне культу Багіні-маці, якая прадстаўлялася таксама і ў выглядзе каня, праходзіла дзесьці з 15 па 18 жніўня. Гэта час заканчэння жніва і пачатку зімавой сяўбы. Хрысціянства наклала на гэтыя дні свае святы, якія пад уплывам старых традыцый атрымалі паганскую афарбоўку. 15 жніўня – Узнясенне Багародзіцы, да гэтага дня трэба было скончыць жніво. 16 жніўня – «хлебны», «палатняны» Спас. 18 жніўня – свята Флора і Лаўра, дзень шанавання коней, акраплення іх святой вадой і г. д. Выява Багародзіцы выцесніла культ Багіні-маці (Макошы). Водгаласы гэтага культу захаваліся ў этнаграфічных і фальклорных матэрыялах, асабліва ў вясельных абрадах на Смаленшчыне.

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі
Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"