Цудоўнае ўратаванне буслянят Івана і Зоі

Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала жанчына, якая з болем у голасе расказала кранаючую душу гісторыю пра двух буслоў, пра людскую абыякавасць і ў той жа час вялікую чалавечнасць. Але аб ўсім па парадку. 

img_6394Мінулай вясной на дрэве каля дома Нэлі Сцяпанаўны Каральковай і Пятра Ігнатавіча Ладэстава парачка буслоў усталявала сабе гняздо. Праз нейкі час у ім з’явіліся маленькія птушаняты. Прыйшло лета, а ра-зам з ім і летнія навальніцы. Гаспадыня заўважыла, што электраправады час ад часу іскраць, паведаміла аб гэтым у адпаведную арганізацыю. Але аднойчы яе страхі споўніліся. У той дзень яны з мужам паехалі ў Карму. Яшчэ не паспелі зрабіць свае справы, як патэлефанавалі суседзі: “Гняздо гарыць! Глядзіце, каб на хату агонь не перакінуўся!” Сядзібу ўратавалі, а вось птушак… Рабочыя РЭСу, якія прыехалі на ліквідацыю наступстваў стыхіі, скінулі буслянят на зямлю, вырашыўшы, што тыя ўжо нежывыя. Нэля Сцяпанаўна падабрала іх і занесла ў хату. Адно было больш ці меньш стабільным, а вось на другое без слёз не можна было глядзець: з дзюбы цякла кроў, крыло зламанае, пер’е і нават скура абгарэлі (відаць, праз цела прайшла маланка ці разрад электрычнасці). Доўга бусляняты нічога не елі і нават не пілі, стагналі, як людзі. Здаравейшы даглядаў і шкадаваў хворага – так Нэля Сцяпанаўна і Пётр Ігнатавіч вызначылі, што мацнейшы – гэта самец, а слабейшая – самка. Далі ім імёны Іван і Зоя.
Ішлі дні, хутка Іван зусім ачуняў, Зоя паціху таксама стала есці і піць. Першы час да іх прыляталі бацькі, наведвалі, прыносілі дзецям сваю здабычу, людзі выносілі птушанят на агарод, дзе сям’я збіралася разам. Але потым заўважылі, што здаровага бусліка птушкі гадуюць, а хворага б’юць. Так і спыніліся іх сустрэчы. Толькі гаспадары не пераставалі клапаціцца аб беднай Зойцы: лячылі спіну і крыло, куплялі рыбу ў крамах у Карме і за марозіва ў вясковых хлопчыкаў. Не забываліся і на тое, што птушак неабходна вучыць лётаць – спачатку падстаўлялі ім калодачку, паступова павялічылі вышыню да даху хлева. Іван хутка навучыўся, а вось траўма Зойкінага крыла не прайшла бясследна, яна не магла набіраць вышыню. Здаровы бусел кожны дзень не баяўся адлятаць ад хаты ўсё далей, нават прыносіў сястрэ пачастункі – жаб. Па восені, калі прыйшоў час ляцець ў вырай, зазбіраўся ў дарогу і Іван. Але ж доўга не мог рашыцца на гэта. Гаспадары заўважылі, што паміж іх выхаванцамі змяніліся адносіны. Іван стаў яшчэ больш пяшчотны да Зоі: спачатку корміць сястру, потым есць сам. А тая, быццам збірала яго ў дарогу, старанна папраўляла яго пер’е, шкадавала. У дзень адлёту Івана птушкі так доўга абдымалі адзін аднаго сваімі шыямі, так жаласна клекаталі, што ў людзей сэрцы ад жалю заходзіліся, слёзы на вочы наварочваліся (расказваючы пра гэта, і зараз Нэля Сцяпанаўна плача). Падняўшыся ў неба, Іван яшчэ доўга кружыў над хатай, а потым паляцеў… А Зоя заняпала, да ежы і вады не дакраналася два дні, сумавала.
Цяпер яна жыве разам з курамі, праўда, не зусім з імі ладзіць, ганяе пеўня, а ў астатнім адчувае сябе някепска. Гаспадары часам адпускаюць яе пагуляць па вуліцы, птушку не крыўдзяць, наадварот, суседзі спачуваюць ёй.
Нягледзячы на тое, што ў бусла усё добра, гаспадыня перажывае: “Я не шкадую грошай і сіл на яе ўтрыманне, але ж баюся, што не перажыве нашых халадоў. Мне б яе куды-небудь прыстроіць”…Мы паспрабавалі дапамагчы. Даведаліся, што ў Жлобінскім заапарку гатовы прыняць Зою, толькі патрэбна сабраць неабходныя дакументы. Зараз Нэля Сцяпанаўна і Петр Ігнатавіч абмяркоўваюць гэта пытанне. Яны прывязаліся да птушкі, хочуць быць ўпэўненымі, што новае жыццё пойдзе ёй на карысць. А мы будзем назіраць за сітуацыяй і чакаць добрых навін.
Таццяна Кулакова
фото М. БАГДАНОВІЧА

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"