НАРЫСЫ ГІСТОРЫІ КАРМЯНШЧЫНЫ: пасля 1861 года

Адмена прыгоннага права

Адмена прыгоннага права стала важнай падзеяй у нашай гісторыі. Сяляне Кармяншчыны, як і ўсёй Расіі, атрымалі асабістую волю. Але адмена прыгону не ліквідавала прыгонніцкіх перажыткаў. Большая частка зямлі засталася за памешчыкамі. Пры раздзеле землеўладальнікі пакінулі за сабой лепшыя ўчасткі, а сяляне пакутвалі ад малазямелля. Яны павінны былі заплаціць памешчыку і за волю, і за зямлю. Выкуп асабістай волі быў замаскіраваны ў завышэнні цаны на зямлю. Вядома, сяляне не мелі грошай, неабходных для выкупу. Ім дзяржава давала 80% неабходнай сумы. Сяляне ж рабіліся даўжнікамі на 49 гадоў. Яны выплочвалі не толькі суму доўга, але і працэнты за пазыку. Былі вымушаны браць у памешчыкаў надзелы, апрацоўваць іх сваім інвентаром і засяваць уласным насеннем. А калі прыходзіў час уборкі ўраджаю, то палову ад намалочанага трэба было аддаць памешчыку.119ed468831ed5b8d84b68a0a4b126bbПалажэнні 19 лютага прадугледжвалі новы парадак кіравання сялянамі. Ён быў заснаваны на выбарнасці ніжэй-шых службовых асоб. Жыхары сельскай грамады выбіралі старасту. На валасных сходах сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбіралі валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю. Функцыі новых органаў сялянскага самакіравання былі надзвычай абмежаваныя. Галоўнымі абавязкамі сельскіх улад былі: раскладка і збор падаткаў, кантроль за выкананнем сялянамі іхніх павіннасцей, рэгуляванне пазямельных узаемаадносін паміж сялянамі, арганізацыя ў вёсках паліцэйскай службы (соцкія, дзесяцкія).
Па “Палажэнні”, кожны мужчына павінен быў адпрацаваць на пана 40 дзён у год, прычым прыходзіць трэба было са сваім канём. Для жанчыны паншчына складала 30 дзён.
У дачыненні да сялянства дзейнічаў закон кругавой парукі, што з’яўлялася перажыткам сярэднявечча. Сярод іх распаўсюджваліся чуткі аб падмене памешчыкамі царскага маніфесту, скажэнні ягонага зместу. Гэта прыводзіла да хваляванняў.
У Беларусі рэформа 1861 года праводзілася па “Агульным палажэнні” і двум мясцовым “Палажэнням”. У Магілёўскай губерні, у склад якой уваходзілі землі Кармяншчыны, яна праводзілася паводле адпаведнага мясцовага “Палажэння”. Вышэйшы надзел зямлі па ўездах складаў 4-4,5 дзесяціны (у Рагачоўскім уездзе – 5-5,5 дзес.), а ніжэйшы ад 1 дзес. 800 кв. саж. да 1 дзес. 200 кв. саж. Калі дарэформавы надзел меў памер меншы за ўсталяваны, то памешчык меў права адрэзаць “злішак” сялянскага на-дзелу на сваю карысць. Панскія лясы заставаліся ў выключным распараджэнні паноў.

Змены пасля адмены прыгоннага права

Па афіцыйных дадзеных Цэнтральнага статыстычнага камітэта за 1886 г. у Кармянскай воласці Рагачоўскага ўезду мелася: 14 сельскіх грамадстваў, 22 абшчыны, 26 пасяленняў, 913 двароў, 1985 душ насельніцтва (па рэвізіі), 2605 – па сялянскіх спісах.
У сельскіх грамадствах налічвалася 10517 дзесяцін зямлі, з іх пашы – 6070. У мясцовых памешчыкаў і дробных уласнікаў было 2065 дзесяцін (?), а пашы – 4832. У сапраўднасці 80% усіх зямель належала 13 мясцовым памешчыкам.
Самымі багатымі памешчы-камі на Кармяншчыне бы-лі палякі Дзерналовічы і Быкоўскія, яны валодалі зямлёй, што прылягала да Кармы. У вёсках Навасёлкі, Бялёў панаваў Случаноўскі, у Хізаве – Жмыхоўскі, у Пятравічах – Чарапанаў. Графу Чарнышову належалі землі на правым беразе Сажа, в. Ліцвінавічы, ды яшчэ і суседняя Чачэршчына. Засажэўем і в. Кляпін валодаў пан Стош. З астатніх зямель найбольш буйныя надзелы былі ў паноў, урадніка, кулакоў.
З сельскагаспадарчых культур на Кармяншчыне ў асноўным сеялі жыта, грэчку і яравую пшаніцу, высокія ўраджаі давалі лён і каноплі, таму, напэўна, тут былі самыя вялікія плантацыі гэтых культур па Магілёўскай губерні.
Паступова развівалася і жы-вёлагадоўля, гадаваліся авечкі, свінні. Значна пашырыліся плошчы пад сады, больш стала пасек. Садавіна і мёд ішлі на продаж у вялікія гарады – Маскву, Пецярбург, Рыгу, Кіеў, Магілёў.
Вельмі шмат праблем прынесла мясцоваму насельніцтву, у т. л. і кармянцам, будаўніцтва шашэйных шляхоў з Масквы ў Варшаву і з Пецярбурга ў Кіеў, якія праходзілі па землях павета. У той жа час будаўніцтва спрыяла развіццю інфраструктуры гаспадаркі не толькі адмініст-рацыйнага цэнтра павета, але і мястэчак, прыпісаных да яго. У 1879 г. у павеце ўжо налічвалася 79 вінакурных заводаў, некалькі буйных мануфактур. Але найбольш значнае развіццё атрымаў гандаль, якому садзейнічалі вялікія рэкі Дняпро, Сож, Друць. Галоўнымі прадметамі гандлю былі лес, смала, гарэлка, пянька, коні.

Народная столовая общественного питания. Рогачевск__й уезд

Вёскі Кармяншчыны ў другой палове ХІХ ст.

Што ж датычыцца зямель Ворнаўскага сельскага Савета, то можна прывесці наступныя звесткі.
Вёска Ворнаўка. У 1842 г. пабудавана праваслаўная драўляная царква (Раства Багародзіцы). У 1848 г. Варанаўшчызна – фальварак, які належаў памешчыцы Вользе Маліноўскай. А гэта 37 рэвізскіх сялянскіх душ (20 муж., 17 жан.) і крыху больш за 193 дзесяціны зямлі. Земляробства сяляне спалучалі з рознымі промысламі: ганчарным і рамізніцкім. У 1886 г. – 19 двароў, 60 жыхароў. У Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні меліся праваслаўная царква і вятрак. У 1898 г. у прыход уваходзіла 3588 жыхароў сяла і навакольных вёсак. Царкве належала 96 дзесяцін зямлі. У 1909 г. – 157 двароў, 98 жыхароў, 157 дзесяцін зямлі, што належала мясцовай сельскай грамадзе; ваколіца – 96 двароў, 421 жыхар адносіўся да ваколіцкай сельскай грамады, якая мела 661 дзес. зямлі.
Вёска Енцы. У 1816 г. – ваколіца, 11 рэвізскіх душ сялян – прыватная ўласнасць памешчыцы Брандтавай і яе сыноў. У 1884 г. – 55 двароў, 198 жыхароў. У Расохскай воласці размяшчаўся хлебазапасны ма-газін, людзі займаліся рознымі промысламі: кравецкі (даход – 10 руб.), бандарны (15 руб.), ганчарны (6 руб.), рамізніцкі (10 руб.). Вяскоўцы з’яўляліся прыхаджанамі праваслаўнага Ворнаўскага прыхода. Таксама меўся вадзяны млын. На пачатку ХХ ст. – вёска ў Рагачоўскім павеце. У 1909 г. – 27 двароў, 170 жыхароў, якія мелі 201 дзесяціну зямлі; ваколіца, 73 двары, 442 жыхары; маёнтак, 1 двор, 9 жыхароў, належалі нашчадкам памешчыка Борхава, якія валодалі 220 дзес. зямлі. У 1909 г. адчынена земская школа.Беларуска Рагачоўск__ павет. П. ХХ ст.Вёска Старая Халапаўка. У другой палове ХІХ ст. вядома пад назвай Хулапаўка ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павета. У 1884 г. налічвалася 33 двары. Апроч земляробства сяляне займаліся ганчарным промыслам (3 двары, даход – 18 рублёў). Размяшчаўся хлебазапасны магазін. У I палове ХХ ст. ваколіца Халапаўка ў Кармянскай воласці. У 1909 г. – ваколіца, 57 двароў, 74 жыхары, належала мясцовай грамадзе, якая мела 342 дзес. зямлі.
Кармянскія вёскі ў канцы ХІХ стагоддзя. Большасць паселішчаў цяперашняй тэрыторыі Кармяншчыны ўваходзіла ў склад Доўскай, Кармянскай, Палескай, Расохскай і Новабычанскай валасцей Рагачоўскага павета. У спіс важнейшых паселішчаў былі ўключаны 12 вёсак, якія існуюць і сёння. Гэта Задуб’е, Калюды, Карма, Ліцвінавічы, Навасёлкі, Хізаў, Расохі, Струкачоў, Быч і іншыя. У сярэдзіне 80-х гг. ХІХ ст. самай вялікай вёскай былі Калюды, у якіх налічвалася 157 двароў і пражывала 928 жыхароў. Яшчэ вёска была вядома тым, што тут меліся ажно тры ветраныя млыны. Для параўнання, у самой Карме тады пражывала ў 23 дварах 109 жыхароў. Тым не менш у мястэчку размяшчалася валасная царква. Быў моцна развіты гандаль: дзейнічала 30 лавак, штогод па традыцыі праводзіліся буйныя кірмашы.
У вёсцы Хляўно, якая тады адносілася да Новабычанскай воласці, было 87 двароў і 641 жыхар, праваслаўная царква, таржок і пастаялы двор. У Задуб’і Доўскай воласці – 77 двароў і 551 жыхар, дзейнічаў ветраны млын. У Струкачове Расохскай воласці – 95 двароў, 541 жыхар, два ветраныя млыны. А ў Расохах – цэнтры воласці – пражывала 379 жыхароў, была школа, царква, два млыны. У Хізаве Доўскай воласці – 65 двароў, 507 жыхароў, праваслаўная царква, вадзяны млын, які прыводзіўся ў рух вадой ракі Добрыч. 840 жыхароў было ў Навасёлках, 462 у 93 дварах – у Ліцвінавічах. Гэтыя населеныя пункты ўваходзілі ў склад Кармянскай воласці, у іх дзейнічалі праваслаўныя цэрквы і вадзяныя млыны.
Дарэчы, далейшы лёс Навасёлак і Ліцвінавіч далёка не аднолькавы. У Навасёлках у свой час штогод праводзіўся на дзень Святой Тройцы вялікі кірмаш, збіралася нямала гандлёвага люду. Але затым у сілу розных прычын вёс ка перайшла ў лік другарадных. Ліцвінавічы ж, наадварот, паспяхова развіваліся, раслі і сталі самай вялікай вёскай на Кармяншчыне.
Два населеных пункты маюць адну назву – Быч. Адзін з іх, у якім было 89 двароў і 664 жыхары, з’яўляўся адміністрацыйным цэнтрам Новабычанскай воласці. Тут дзейнічала царкоўнапрыходская школа, недалёка – у Свянскопалі (Свенску) – знаходзілася паштовая станцыя; у другім пражывала 495 жыхароў, дзейнічалі праваслаўная царква і ветраны млын.

Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"