Нарысы гісторыі Кармяншчыны

Паважаныя чытачы, у мінулым выпуску (№20 ад 20 мая) мы друкавалі спіс шляхты і памешчыкаў Рагачоўскага павету, з якіх планавалася спагнаць грошы на аднаўленне перапраў праз рэкі Друць і Валчэц на Маскоўска-Варшаўскай шашы, якія былі знішчаны падчас паўстання 1863-1864 гадоў. Прапануем яго заканчэнне.
156. Сеноженцкий Войнич Александр – Фундаминка и Выдрица – 29 руб.
158. Солтан Михаил – д. Буда – 28 руб.
161. Случановский Игнатий и Александр – д. Мальвинка – 7 руб.
162. Сеноженцкий Людвиг и Леонард – ок. Сеножатка – 7 руб.
167. Солтан Иван – ф. Пиревичи и дер. – 154 руб.
168. Сеноженцкая Терезия – сельцо Сеножатка – 154 руб.
174. Фитингоф Францишек – ф. Кристинополье и д. Ст.Олешня – 10 руб.
175. Фащ Александр – сельцо Дубровичи и Тышкевичи, д. Поповка – 60 руб.
176. Хмызовский Алексндр – д. Болотня и Н.Олешня – 26 руб.
177. Хоментовский Валентий – ф. и д. Селец – 18 руб.
178. Ходкевич Софья, Данила и Виктория – д. Столпня – 18 руб.
179. Хоментовский Антон – ок. Богдановичи – 18 руб.
187. Шульцова Анна – ф. Камышино и д. Юрковичи – 27 руб…”.

«Неделя беспорядков» у Рагачоўскім павеце в 1863 г.

Мы працягваем таксама знаёміць вас з падзеямі паўстання 1863 – 1864 гг. у Рагачоўскім павеце і Кармяншчыне. І хаця ў нашай мясцовасці, як мы бачым, значных сутычак і баёў не адбывалася, але абстаноўка была напружанай і неадназначнай, і розныя групы насельніцтва па рознаму ставіліся да паўстання. Але вывады рабіць вам, паважаныя чытачы…

Бой паўстанцаў“Неделя беспорядков” – пад такім загалоўкам выйшаў у 1864 г. артыкул ва ўплывовым перыядычным выданні “Русский вестник”, якое адлюстроўвала афіцыйны (урадавы) пункт гледжання. У матэрыяле распавядалася пра “бунтарей” и “мятежников” – удзельнікаў паўстання 1863 г. у Магілёўскай губерні. Шмат месца ў артыкуле прысвечана падзеям, якія адбыліся ў той час у Рагачоўскім павеце. Яны нам цікавыя не толькі тым, які быў агульны фон у павеце, але і таму, што нашы людзі таксама прымалі ўдзел альбо гэта ўплывала на абставіны іх жыцця.
Як ўжо раней адзначалася, у ХІХ ст. у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні размяшчалася вялікая колькасць шляхецкіх ваколіц – вёсак, у якіх пражывала пераважна шляхта. У сярэдзіне ХІХ ст. у павеце іх налічвалася каля 50, з якіх 22 былі пераважна каталіцкімі. Як правіла, каталіцкая шляхта загадзя залічвалася ўладамі ў спіс палітычна ненадзейных грамадзян Расійскай імперыі. І такое стаўленне да яе было небеспадстаўным. Калі казаць тагачаснай мовай расійскіх дзяржаўных СМІ, шляхта “представляла обильный материал для революционных целей и среду для мятежной заразы”.
Нам уяўляецца цікавым тое, што ўжо перад паўстаннем 1863 г. шляхта Рагачоўскага павета пачала праяўляць даволі вялікую актыўнасць у барацьбе за свае правы. Вось як паведамляў пра гэта “Русский вестник”: прычынай для рэвалюцыйных настрояў шляхты Магілёўскай губерні стала прапаганда польскай эміграцыі, якая наведала ў 1861 г. “могилёвское захолустье”. А менавіта так дагэтуль называўся наш рэгіён, бо лічылася, што тут не можа адбывацца нічога значнага і антыўрадавага.
Што ж парушыла спакой ўладных колаў? 10 кастрычніка гэтага ж года шляхта Рагачоўскага павета складае смелую пастанову да імператара, у якой прасіла:1) далучыць Рагачоўскі павет разам з ўсёй Магілёўскай губерняй да Літоўскага генерал-губернатарства; 2) адкрыць Віленскі універсітетэт (як памятаем, ён быў закрыты ў 1832 г. пасля паўстання 1830 – 1831 гг.); 3) надаць роўныя правы для ўсіх канфесій; 4) усталяваць публічнае і галоснае судаводства; 5) дазволіць выбарнасць дэпутатаў і г. д. Вельмі рэвалюцыйныя па тых часах прапановы і патрабаванні! А як жа адрэагавалі на гэта ўлады? Па загаду губернатара пастанова была канфіскавана, а адстаўнога падпалкоўніка і адлучанага ад пасады павятовага маршалка Івана Богуша, які падтрымаў пастанову, асудзілі на паўтары гады заключэння ў крэпасці.
Адчуўшы небяспеку з боку шляхты Рагачоўскага павета, напачатку 1863 г. улады пачынаюць сачыць за ёй. Паміж Магілёўскім грамадзянскім губернатарам, павятовым іспраўніком і штаб-афіцэрамі корпуса жандараў вялася перапіска аб становішчы ў паветах Магілёўскай губерні. Быў праведзены перапіс насельніцтва ваколіц Рагачоўскага павета, дзе вызначалася колькасць і веравызнанне шляхты. Выявілася, што найбольшую небяспеку ўяўляе шляхта ваколіц Антушы, Церцеж, Марусенькі, Сенажаткі, якія размяшчаліся недалёк ад Жлобіна. Шляхта ў іх была каталіцкай і складала прыход касцёла, які знаходзіўся ў Антушах. Гэта быў цэнтр апазіцыйных настрояў і незадаволенасці.

Бой паўстанцаў з царск__м__ войскам__
У перыядычным выданні “Вестник Западной России” за 1867 г. шляхта гэтых ваколіц называецца «буянами», «задорниками» і нават «злодеями». Далей цытуем: «так что даже сложились поговорки об этих околицах: поедешь в Антуши, не чуешь и души; а поедешь в Сеножатки, душа уходит в пятки, или поедешь в Сеножатки, тогда уже не гадки; Марусеньки зададут трусеньки, а заедешь в Тертеж, будет не в терпеж.» Такім было стаўленне сялян да мясцовай шляхты…
Як бачым, мясцовыя ксяндзы мелі вялікі аўтарытэт сярод каталіцкага насельніцтва ўсяго павету, асабліва шляхты. Уладаў вельмі зацікавіла асоба антушаўскага ксяндза Багушэвіча. Апошнімі гадамі стаў вядомы змест даносаў ўладам на “неблаганадзейных асобаў”. У даносах на Багушэвіча паведамлялася: «…образованный, владеющий даром слова и по своему образу мыслей, нет сомнений, имеет вредное влияние на шляхту своего прихода». Альбо: «ксёндз Богушевич имеет влияние не только на простую шляхту, но и на более образованный класс поляков, особенно женщин. Выступает против Русского Правительства».
Каталіцкія ксяндзы сапраўды мелі вялікі ўплыў на сваіх прыхаджан: «с амвонов говорили двусмысленности; кое-где, во время службы, втихомолку пропускали поминать императорскую фамилию». А гэта апошняе ўжо лічылася вялікай правіннасцю!
Ксёндз Багушэвіч безумоўна падтрымліваў паўстанцаў. Як было заўважана, яго слухаўся нават «образованный класс поляков», пад якім можна разумець заможных шляхцічаў каталікоў. Менавіта на іх лаяльнасць вельмі разлічвалі расійскія ўлады.
Пасля падаўлення паўстання 1863 г. у выданні «Русский вестник» ксяндзу Багушэвічу ў артыкуле была прысвечана амаль старонка. У ёй гаварылася, што ксёндз быў дасланы ў Антушы эміграцыяй для прапаганды ў 1862 г. Дагэтуль ён жыў у Маскве. Багушэвіч меў вялікую папулярнасць сярод моладзі, сачыў каб сярод яе не з’явілася русафілаў.
Маюцца звесткі, што шляхта антушаўскага прыходу збольшага была прыхільнай да паўстання. Ёй арганізоўваліся таемныя сустрэчы, патрыятычна настроенай шляхтай распаўсюджваліся навіны аб паўстанні. Пана Багушэвіча наведвала шляхта з усяго павету і не толькі. Усё гэта не засталося незаўважаным мясцовымі уладамі. Імі адсочваліся нават выпадкі нашэння шляхтай «так называемых национальных костюмов, гербовых и других знаков». Адзначаліся выпадкі нашэння ў Рагачоўскім павеце чамарак, канфедэратак, кушакоў і нават кунтушоў.
Адным з цэнтраў для збораў лаяльнай шляхты да паўстання стаў маёнтак Аскеркі ў Ціхнічах (Рагачоўскі павет). Частым госцям у Аскеркі быў ксёндз Багушэвіч. Вось што чытаем у чарговым даносе: “У помещика Оскерки в Тихничах, как у весьма гостеприимного и средственного человека, нередко собирается общество, конечно польское, дочь его хорошо поёт и потому там поются гимны, любимый предмет разговоров является польское восстание.”
Лаяльнасцю да паўстання адзначыўся яшчэ адзін буйны землеўласнік Рагачоўскага і Бабруйскага паветаў – Булгак. У адным з сваіх маёнткаў ў Бабруйскім павеце ён сабраў 70 чалавек з гэтых паветаў на вяселле сваёй сястры. Амаль усе госці мужчыны былі апрануты ў чамаркі, усе былі ўзброеныя.
Тыя ж Аскерка і Булгак патрапілі яшчэ ў адну нататку. У ёй адзначаецца, што ў іх маёнтках і ў маёнтку пана Аляксандра Жукоўскага, што размяшчаліся ў Рагачоўскім павеце, сяляне ў школах вывучаюць беларускую (!) мову лацінкай:“…и хотя преподаётся русская грамота, но также и белорусская по азбуке с польскими буквами, даже … начали учить чисто польскому языку, что было запрещенно” (!).
У даносах адзначаліся ўсе тыя жыхары ваколіц, якія паспелі якім-небудзь чынам праявіць спачуванне да паўстанцаў, тыя людзі, якія мелі ўплыў і аўтарытэт сярод шляхты. Усе яны былі пад кантролем уладаў, за імі пільна сачылі.
Як бачым, улады пільна адсочвалі ўсе сустрэчы, якія адбываліся. Адзначалі найболей ненадзейных шляхцічаў. Такі выпадак быў апісаны ў перапісцы мясцовых павятовых уладаў з магілёўскім губернатарам. Там адзначалася, што ў Гомелі напачатку 1863 гады прайшла таемная сустрэча прадстаўнікоў шляхты Рагачоўскага і Гомельскага паветаў, дзе абмяркоўвалася пытанне паўстання, якое пачалося. Як стала вядома таксама з перапіскі Магілёўскага губернатара з жандармерыяй, падчас гэтай таемнай сустрэчы былі сабраны сродкі ў памеры 20 тысяч рублёў. У тыя часы за такую суму можна было набыць больш 5 тысяч фунтаў чорнай ікры.
Палітычна ненадзейнымі жыхарамі Рагачоўскага павета лічыліся, напрыклад, Канстанцыя Васілеўская (з Маліноўскіх, якія мелі дачыненне і да Кармяншчыны), якая жыла недалёк ад Антушэй, настаўнік Рагачоўскага вучылішча Маціевіч, які атрымаў нейкія забароненыя кнігі, доктар Яворскі, доктар Васілеўскі, доктар артылерыйскай брыгады Дубіцкі, казначэй Крыловіч, суддзя Камароўскі, Любаўскі і г. д. Як бачым, службовыя асобы павету, ваенныя, інтэлігенцыя…
Меры па спыненню хваляванняў не прымусілі доўга чакаць. У студзені 1863 г. з Магілёўскай губерні ва ўнутраныя губерні Расіі быў выселены ксёндз Багушэвіч – галоўная “крыніца мецяжу” была ліквідавана. Таксама ў пачатку 1863 г. рашэннем магілёўскага губернатара было забаронена нашэнне нацыянальных строяў і пэўных гербавых знакаў. Працягвалася “слежка” за “агентами красной партии”, якія кіравалі падрыхтоўкай паўстання. Ёсць некаторыя дадзеныя, што паўстанне рыхтавалася і на тэрыторыі нашага павета.
Вядома, што нейкае дачыненне да паўстання мелі наступныя шляхцічы (мо хто пазнае сярод іх сваіх продкаў?): Бутовіч Васіль, Воўк-Ланеўскі, Гіжыцкі Аляксандр (в. Курганне); Война-Ланецкая Луіза Восіпава (в. Багданавічы); Дабрыцкі Рыгор, Лапіцкія Мікалай, Фёдар, Аляксандр, Андрэй, Павел (яго сын) (Хізаў); Гейслер Агаф’я, удава з дзецьмі (Пятравічы), Курака Хрысанфак (Куракі, суч. Куракаўшчына); Лашкевічы Лявон, Цімафей, Іван (Халапаўка); ліцвінавіцкі святар вёскі Навасёлкі; Хадановіч Міхаіл (Струмень); Богуш Іван (Каменка); Быкоўскі Міхаіл (м. Карма); Быкоўскі Вільгельм (Лазоў); Быкоўскі Іосіф (Расохі); Быкоўскі Альберт і Бяляцкая (імя невядомае) (Навасёлкі); Войбун-Патуленскі Станіслаў (Лебядзёўка); Гржымбоўскі Рыгор і яго дочкі Лізавета і Юлія (Багданавічы); Грамыкі Якаў і Мікалай (Ухватаўка і Барсукі); Дзерналовіч Фадзей (Струкава); Яўневічы Ігнат, Антон, Іосіф (Рэут і Навасёлкі); Жукоўская Клеацільда (Сямёнаўка); Жукоўскі Франц і яго жонка Юлія, Пузыня Ева і Ясьмон Рахалец, Янушкевіч Іосіф (Задуб’е); Жаўток Ігнат і яго жонка Адэлія, Леванкоў Ігнат, Тарчэўскі Ігнат (Хізаў); Радзевіч Мікалай (Струмень); Случаноўскія Захар і Вікенцій (Навасёлкі і Барсукі); Страхоўская Надзея (Барсукі); Сенажэцкая Тэрэзія (Сапажкі); Тычынская Пелагея (Куракі); Хаментоўскія Антон і Мікалай, Хілінская Маргарыта (Багданавічы) і інш.

Месца пахавання Тамаша Грыневіча (Рагачоў)
Месца пахавання Тамаша Грыневіча (Рагачоў)

“Руский вестник” паведамляе, што па ўсёй Магілёўскай губерні дзейнічала сем “шаек”, з якіх адна была рагачоўскай. Камандаваў ёй Дзержаноўскі (Станіславовіч). Атраду прадпісвалася “сформироваться у фольварка Верхней Тощицы (маёнтак Томаша Грыневіча – аўт.), утвердиться в лесах между Днепром и Друтью, поднять околицы четырёх по соседству лежащих приходов Дворжечно-Антушевского, Озеранского, Свержанского и Рогачёвского, и действовать на юг от Могилёва.”
Але шляхта антушаўскага прыходу аказалася у цяжкім становішчы, бо пасля расправы з ксяндзом Багушэвічам, на яе тэрыторыі размясціліся паўтары роты расійскіх салдат. Яны не давалі шляхце магчымасці далучыцца да паўстання і актыўна дзейнічаць.

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"