Усё лепшае – «#МАЁЙКРАІНЕ»

Акцыя «#МАЁЙКРАІНЕ» фінішавала ў абласным цэнтры. Масавымі мерапрыемствамі былі ахоплены ўсе раённыя цэнтры Гомельшчыны. Асабістыя перамогі і добрыя справы, якія рабіліся ў рамках гэтай акцыі, сталі здабыткам грамадскасці і ацэнены па-годнаму.
Ініцыятары праекта – Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі абласны каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Мэта гэтай акцыі – прыцягнуць грамадзян і ў першую чаргу моладзь да рэалізацыі канкрэтных спраў на карысць краіны, а таксама прапаганда інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу Гомельшчыны.
Каб прыняць удзел у праекце, трэба было размясціць фотасправаздачу пэўнай падзеі ў суполцы «ВКонтакте». На працягу ўсёй акцыі тысячы фотаздымкаў, праектаў былі размешачаны і ацэнены прафесіяналамі. Лепшыя работы былі прадстаўлены на фінальных мерапрыемствах у Гомелі 21 кастрычніка.
У склад Кармянскай дэлегацыі ўвайшлі: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандра Барысенка, галоўны спецыяліст райкама грамадскай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Алеся Гардзіенка і аўтар гэтага матэрыяла. Мне выпаў вялікі гонар несці герб нашага раёна. Але напачатку ўсе прадстаўнікі раёнаў вобласці разам з актывістамі піянерскай і маладзёжнай арганізацыі пасадзілі 21 дрэўца рабіны на дзіцячай пляцоўцы каля лядовага палацу.
IMG_9544Да прысутных звярнуўся старшыня Гомельскага абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Міхаіл Жукевіч, які падзякаваў ўсім удзельнікам за ініцыятыўнасць, грамадскую зацікаўленасць і арганізацыйныя якасці. Былі і іншыя выступаючыя.
Пасля парада раёнаў пачалася канцэртная праграма. Побач працавалі розныя выставы, прадстаўленыя грамадскімі аб’яднаннямі, Гомельскім абкамам КПБ. Напрыклад, прыцягнуў увагу стэнд, на якім выстаўляліся вынаходніцтвы маладых рацыяналізатараў вобласці. Напрыклад, Эдуард Туманскі прадстаўляў сваю распрацоўку так званага разумнага дома. Бытавыя прылады тут кіраваліся на адлегласці. Ён прадэманстраваў, як ўсё гэтае працуе. Было шмат і другіх цікавых і змястоўных праектаў.
Быў дадзены старт акцыі «#МАЁЙКРАІНЕ», якая пройдзе ў 2018 годзе.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"