Краязнаўчая крынічка: Кармяншчына ў другой палове XIX-пачатку XX стст.

Паважаныя сябры! З вялікім задавальненнем працягваем знаёміць вас з нарысамі гісторыі нашага краю. У бліжэйшых выпусках “Краязнаўчай крынічкі” вы прачытаеце, як жылі жыхары Кармяншчыны ў перыяд пасля паўстання 1863 – 1864 гг. да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.

Вызваленне сялян (1861 г.) на тэры-торыі Магілёўскай губерні, у склад якой уваходзіў наш край, праходзіла на падставе “Агульнага палажэння” і аднаго мясцовага. Вышэйшы зямельны надзел па паветах складаў 4-5,5 дзесяцін (па нашаму Рагачоўскаму павету – 5-5,5), а ніжэйшы – ад 1 дзесяціны 800 квадратных сажаняў да 1 дзесяціны 200 квадратных сажаняў. Калі дарэформенны надзел меў памер, устаноўлены “Палажэннем”, быў большым, то памешчык меў права адрэзаць “лішак” сялянскага надзелу на сваю карысць. Гасподскія лясы заставаліся ў выключным праве памешчыка. Да заключэння выкупной здзелкі сяляне павінны былі адбываць свае ранейшыя павіннасці ў выглядзе паншчыны і аброка. У вёсцы ўсталёўвалася кругавая парука за выкананнем гэтых павіннасцяў.
Згодна з дадзенымі Цэнтральнага Статыстычнага Камітэту Расійскай імперыі за 1886 г., у Кармянскай воласці Рагачоўскага павету мелася “14 сельских обществ, 22 общины, 26 селений, 913 дворов, 1985 душ мужского населения (по ревизским спискам – 2605). Количество земель у обществ – 10517 десятин, из них пахотной – 6070 десятин, у частных лиц земли было 20659 десятин, а пахотной – 4332 десятин”. (См. “Волости и важнейшие селения европейской России. Издание Центрального Статистического Комитета. Вып. 5. Губерни Литовской и Белорусской областей”).
Нават шляхам простага параўнання можна вызначыць, што сярэдні сялянскі надзел складаў не 5,5 дзесяціны, а 3 дзесяціны. Сапраўды, 80% зямельных угоддзяў належала 13-ці мяцовым памешчыкам.
Найбольш буйнымі памешчыкамі былі апалячаныя шляхціцы ці дваране: Дорыя-Дзерналовічы (Сырск і Лебядзёўка)

10_6478і Быкоўскія (Навасёлкі, Бялёў, Хізаў, Пятравічы і інш.), графы Чарнышоў-Берабразаў (в. Літвінавічы, уладанні на правым беразе р. Сож і ў Чачэрску), Стош (Кляпін, Валынцы, Засажэўе і інш), памешчыца Чарапанава (Хізаў) і іншыя. Вёска Каменка належыла двараніну А. Богушу, вёскі Навасёлкі і Тарахаўка – дваранскаму наследніку Случаноўскаму, в. Янаўка – двараніну Т. Богушу, в. Ясень – памешчыку Боўшы, дваране В. и П. Калоўскія валодалі вёскамі Рудня Добрыцская, памешчык Хадановіч – в. Курганіца, а дваране Хмызоўскія – в. Ланіца. Значная частка астатніх зямель належыла папам, ураднікам, зажытачным сялянам (“кулакам”). Асноўная маса земляробаў на Кармяншчыне пакутавала ад беззямелля і малазямелля. Паводле сведчанняў старажылаў, да рэвалюцыі глеба апрацоўвалася прымітыўнымі прыладамі працы. Ураджаі пшаніцы, жыта, бульбы, канопляў, ільну былі зусім нізкімі, дазваляючы выжываць на мяжы голада. Значная частка выручаных ад продажы прадуктаў гаспадаркі грошай у бедных жыхароў ішла на ўплату выкупных плацяжоў, падаткаў, нядоімак, як дзяржаве, так і памешчыкам, а таксама гандлярам і ліхвярам – пераважна яўрэям.
Акрамя плацяжоў і павіннасцей з боку сялян памешчыкі атрымлівалі вялікія даходы са сваіх лясных уладанняў. Актыўна высякалася драўніна ў лясах уздоўж Сажа і актыўна сплаўлялася па рацэ. Нярэдка такая небяспечная і цяжкая праца заканчвалася для працаўнікоў трагедыяй. Улетку сялянская бедната за нямалыя грошы наймалася на сплаў лесу. Ішлі да памешчыкаў у падзёншчыкі. Заробак маглі атрымаць галоўным чынам сяляне, якія мелі ў сваёй гаспадарцы коней. Яны вазілі лес да Прыстаняў каля вёсак Струмень, Літвінавічы і Ворнаўка альбо перавозілі тавары (прадукты і мясцоваую сыравіну) тутэйшых гандляроў і купцоў.

mamamahi30-32
Паводле звестак Е. Семянкова, “зарплаты ў расійскіх мястэчках і сёлах былі істотна ніжэй, чым у гарадах. Мясцовыя працоўныя крухмальнага заводу (з 1912 г. – спіртзавод) Дзерналовічаў, дзе працавала каля 30 чалавек, зараблялі ў сярэднім 20 рублёў у месяц. Грузчыкі і рознарабочыя на броварных заводах, якія знаходзіліся ў вёсках Хізаў і Літвінавічы, атрымлівалі да 15 рублёў у месяц; служачыя пошты, земскія настаўнікі малодшых класаў, аптэкар і бібліятэкар – 20-30 рублёў у месяц. У абшарніка ў сезон можна было зарабіць да 35 рублёў. На падзённых працах наёмныя работнікі маглі зарабіць нават у заможных сялян да 40 капеек у дзень. Наёмная прыслуга атрымлівала 5-8 рублёў у месяц. Сума, вядома, малаважная, але наймальнік, як правіла, апроч грашовага забеспячэння падаваў працаўнікам бясплатна дах над галавой, сілкаванне і ўніформу”.
Значная падзея ў жыцці жыхароў Кармы адбылася ў 1904 годзе. Было адкрыта першае паштовае аддзяленне. Яго першым начальнікам быў Шаравараў-Салаўянчык (імя не вядома). Захавалася нядобрая памяць пра гэтага чалавека. Многія старажылы ўзгадваюць пра яго нават з нянавісцю, бо “кепскі быў чалавек”. А вось толькі цікава, а чаму?
У 1908 г. у Карме з’явіўся свой тэлеграф. Першым тэлеграфістам стаў матрос Мікалай Драбышэўскі (які праз некаторы час памёр ад тыфу). Пасля Мікалая тэлеграфістам стаў Яўхім Марыенка, мясцовы жыхар. Быў і пасыльны па тэлеграфе – М. Макаранка.
Да рэвалюцыі ў Карме быў свой “цвет обчаства” (як выразіўся адзін са старажылаў). Гэта старшына воласці Каралькоў, пісар валасной управы Г. Шпакаў, ураднік Стральцоў, поп Юдзеніч, начальнік пошты Салаўянчык… Паводле ўспамінаў старажылаў Макаранкі і А. Сычкова, нястача, п’янства, “надругацельства і мардабой” былі звычайнай справай таго часу. Здарыўся, напрыклад, такі выпадак. Група маладых сялян у фальварку Гарадок дзеля пацехі выкапала і перанесла межавы слуп ў бок таго месца, на якім ён стаяў некалі раней. Калі пра гэта далажыў упраўляючы фальварка Юлій Лавянецкі самому ўладальніку Дзерналовічу, то той ўласнаручна моцна збіў Андрэя Сычкова, які ўзяў усю віну на сябе. Але Андрэй не стрымаў крыўды і за адну ноч спаліў усе стагі сена і клеверу на лузе пана.
Яшчэ адна акалічнасць таго часу. Бедых сялян, якія ледзь зводзілі канцы з канцамі абіралі, скупаючы за грашы альбо выменьваючы за бясцэнак на свае тавары лён, пяньку, хлеб і іншае. Цэлымі баржамі (а зімой караванамі падвод) ўплывала у гарады па рацэ Сож і дарогах багацце кармянцаў, заробленае мазалём і потам. Вялікай была дзіцячая і дарослая смяротнасць ад эпідэмій, многія пакутавалі ад фізічнага болю, ад голаду і недаядання, жахлівых жыллёвых умоў. Сухоты, трахома і іншыя хваробы былі звычайнай з’явай. Але лячыцца ў многіх кармянцаў было не за што, ды і амаль ні ў каго. Толькі ў пачатку 90-х гг. ў Карме з’явіўся фельчар (па прозвішчу Лашкевіч). Але ён неўзабаве памёр у 1905 г. І звяртацца прыходзілася, напрыклад, у Доўск ці Чачэрск. Доўгі час у Карме не было ніводнаго медыцынскага работніка.
(Працяг у наступным выпуску “Краязнаўчай крынічкі”)

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"