Нарысы гісторыі Кармяншчыны. Кармяншчына ў другой палове XIX-пачатку XX стст.

Паважаныя сябры! Мы працягваем знаёміць вас з тым як жыла Кармяншчына ў дарэвалюцыйныя часы, у тым ліку са станам медыцыны і адукацыі.

Пасля смерці кармянскага фельчара Лашкевіча ў 1905 г. у мястэчку і наваколлі не засталося ні аднаго медычнага спецыяліста. Таму нашым землякам (у каго былі грошы) даводзілася звяртацца па дапамогу ў Доўск. А вось пра тое, як доўскі фельчар ведаў сваю справу, сведчыць наступны факт. Нечакана памёр новасельскі пан Цітовіч. Фельчар паставіў дыягназ: смерць ад халеры. Што тут пачалося! На навакольныя населеныя пункты быў накладзены каранцін, дамы жыхароў абліваліся карболкай. На ЧП прыехала ўсё павятовае начальства з губернскім урачом. Вось ён і праверыў дыягназ фельчара. Было зроблена ўскрыцце цела нябожчыка, аказалася, што гэта не халера – проста атруціўся чалавек грыбамі.


Пра стан медыцыны ў нас і ў наваколлі сведчыць яшчэ такі факт: адзін фельчар абслугоўваў дзве воласці, а адзін урач – два паветы! Жыў гэты ўрач у Рагачове. Як сведчыў старажыл Макаранка, прозвішча гэтага ўрача было Дымчыц (газета Рагачоўскага раёна “Камунар” за 14 студзеня 1964 г.). У Рагачове дзейнічала мясцовая земская бальніца, але яна была недасяжная для сельскага насельніцтва павета. Больш за тое, хворых на інфекцыйныя захворванні (напрыклад, тыф) было забаронена там размяшчаць. Паводле інструкцыі, іх пакідалі (фактычна паміраць) дома. Як сведчыць губернская статыстыка, толькі 52 дзіцяці са 100 народжаных дажывалі ў пачатку ХХ ст. да 15 гадоў.
Паводле афіцыйных дадзеных, выдаткі на аднаго чалавека ў Рагачоўскім павеце складалі 40 капеек у год. Параўнаем: у Маскоўскай губерні яны складалі 2 руб. У 1913 г. на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў сучасных межах было ўсяго 13 сельскіх бальніц на 179 ложкаў, 108 урачоў. У канцы стагоддзя ў Гомельскім павеце было ўсяго 10 урачоў, 14 фельчараў. У Магілёўскай губерні ў сельскай мясцовасці на 30-50 тысяч чалавек палагаўся толькі адзін урач, а адна аптэка павінна была абслугоўваць да 70 тысяч чалавек. Не дзіўна, што многія жыхары нашага краю вымушаны былі звяртацца да знахарак, бабак-павітух і нават цырульнікаў.

Аптэка-ў-Рагачове, куды-звярталіся-кармянцы

Цяпер пра аптэкі. Паводле інфармацыі Нацыянальнага архіва Беларусі, адной з бліжэйшых была аптэка ў г. Рагачоў. У 1888 – 1896 гг. ёю валодала жонка акцызнага чыноўніка Л. Бонч-Багданоўская, а арандатарам і кіраўніком былі правізары І. Варгавціг і І. Берлянд. На працягу 6 гадоў (1898 – 1904) ёю кіраваў правізар К. Міхайлаў. Аптэка знаходзілася па вул. Быхаўскай. У 1905 г. аптэку выкупіў правізар І. Радовіч, а затым – правізар П. Ляпарскі, які ў 1914 г. прадаў яе А. Мінцу, кіраўніком стаў правізар М. Эцінгін.
У 70-80-я гады XIX ст. дзейнічала сельская аптэка ў мястэчку Журавічы, у 1891 г. яна належала жонцы аптэкарскага памочніка Ц. Мнухін, кіраўніком быў М.І. Мнухін. Аптэка размяшчалася на паштовай станцыі Крыстаполле. Пасля 1905 г. адкрыў у гэтым мястэчку аптэку мешчанін, аптэкарскі памочнік Ш. Каган.
У Рагачове і Рагачоўскім павеце ў 1901 – 1903 гг. (паводле архіўных да-дзеных) значыліся: урач Самуіл Іосіфавіч Гіцельсон, дантыст Давід-Лейба Герцавіч Аўсіевіч, Давід-Лейба Танхелеў Аўсіевіч, Муся Аронаўна Залманзон.

Народная адукацыя Кармяншчыны

Паводле дадзеных Віленскай вучэбнай акругі, у в. Расохі ў 1863 г. адкрылі народнае вучылішча. Але тады Расохі не ўваходзілі ў Кармянскую воласць.
У 1865 г. адкрываецца мужчынскае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім памяшканні. Пры вучылішчы праіснавала адзін год жаночае аддзяленне. Грошы на яго дзяржава не выдаткоўвала, сродкі – да 60 руб. – сабрала на яго патрэбы насельніцтва.
У 1884 г. былі зацверджаны “Правілы аб царкоўна-прыходскіх школах”, што дало магчымасць пашырыць сетку школ у нашай мясцовасці. Так, ужо ў 1888/89 навучальным годзе ў Кармянскай воласці налічвалася 14 школ, чатыры з іх – царкоўна-прыходскія. У іх налічвалася ўсяго 300 чалавек. І гэта ў той час, калі большасць насельніцтва не мела адукацыі.
Заняткі пачыналіся 1 кастрычніка пасля заканчэння палявых работ. Выкладанне вялося выключна на рускай мове. Над работай школы быў пастаянны нагляд царквы і паліцыі. Шмат вучэбнага часу адводзілася закону Божаму. Бібліятэк не было. На тэрыторыі воласці ў гэты ж тэрмін дзейнічалі 9 цэркваў і 3 сінагогі.


Кармянскае мужчынскае народнае вучылішча было адкрыта ў 1865 г. Знаходзілася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча штогод адпускалася 175 рублёў з дзяржаўнага казначэйства. Настаўнік вучылішча з 1 верасня 1865 г. – Лука Глыбоўскі, які скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Утрыманне: 150 рублёў у год і кватэра.Законанастаўнік з 1 лістапада 1872 г. святар Даніла Шышковіч, які скончыў Магілёўскую семінарыю. Яго жалаванне складала 25 рублёў у год.
У 1865 годзе было адкрыта Кармянскае жаночае народнае вучылішча. Знаходзілася ў тым жа доме, што і мужчынскае. На ўтрыманне яго штогод 60 рублёў. выдавала мясцовае сялянскае таварыства. Настаўнічала ў ім С. Глыбоўская. Яна скончыла Буйніцкае вучылішча для дзяўчат духоўнага звання. На пасадзе знаходзілася з 1 кастрычніка 1865 г. Утрыманне настаўніцы складала 60 рублёў. у год і кватэра.


З 1851 г. дзейнічала Рэкта-Бычанскае народнае вучылішча Рэкцянскай воласці, сяло Быч (цяпер Акцяброва). Яно знаходзілася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча што год адпускаўся 251 рубель, сабраны з былых дзяржаўных сялян. Настаўнічаў у вучылішчы з 1 кастрычніка 1873 г. Міхаіл Яндоўскі, які скончыў Магілёўскую семінарыю. На яго ўтрыманне адводзілася 150 рублёў у год і кватэра. Законанастаўнікам быў святар Іерафей Саульскі. Ён скончыў Магілёўскую семінарыю і атрымліваў жалаванне 25 рублёў у год.
У апошняй чвэрці ХІХ ст. былі адкрыты царкоўна-прыходскія школы і школы пісьменнасці, аб чым сведчыць справаздача за 1888/89 навучальны год.
Царкоўна-прыходская школа ў ваколіцы Кароцькі знаходзілася ў сялянскім доме бясплатна. Настаўнікам і законанастаўнікам быў дыякан Яўграф Раманоўскі. За працу ён атрымліваў 40 рублёў за вучэбны перыяд. Тут вучыліся 27 хлопчыкаў. Дзяўчынкі ў школу не хадзілі. Школа пісьменнасці ў ваколіцы Кароцькі знаходзілася таксама ў сялянскай хаце бясплатна. Там настаўнічаў селянін Апанас Караткевіч, які атрымліваў ад бацькоў вучняў 25 рублёў за вучэбны перыяд. Вучыліся 12 хлопчыкаў
Царкоўна-прыходская школа дзейні-чала таксама ў вёсцы Сырская Буда. Яна размяшчалася ў наёмным доме. Настаўнічаў былы унтэр-афіцэр Павел Зайцаў, які атрымліваў за гэта ад сялянскага таварыства 25 рублёў. Займалася 16 хлопчыкаў.
Школа пісьменнасці ў в. Бярозаўка знаходзілася ў наёмным доме. Настаўнікам быў Мітрафан Мінін. За сваю працу атрымліваў 32 рублі за навучальны перыяд. А вучыў ён 16 хлопчыкаў.


Школа пісьменнасці ў вёсцы Вашчанкі знаходзілася бясплатна ў сялянскай хаце. Там настаўнічаў селянін Канстанцін Сямёнаў. Вучыў 12 хлопчыкаў, за што атрымліваў 35 рублёў.
Школа пісьменнасці ў ваколіцы Сапажкі знаходзілася ў сялянскім доме бясплатна, настаўнічаў былы унтэр-афіцэр Сямён Емяльянаў. Бацькі вучняў плацілі яму па 50 капеек. Вучыліся 15 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка.
Школа пісьменнасці ў вёсцы Сырск размяшчалася ў наёмным доме. Тут настаўнічаў селянін Канстанцін Фёдараў. За сваю справу атрымліваў 15 рублёў. Навучаўся ў школе 21 хлопчык.
Школы пісьменнасці былі таксама ў вёсках Зяцькавічы, Рудня, Сцюдзянец, Новая Зенькавіна. У апошняй было два настаўнікі: Павел Семілетаў і Лявон Мельнікаў. Як сведчыў старажыл С. Касянкоў, там вучылася каля 20 чалавек.
Ператвораная царкоўна-прыходская школа ў вёсцы Ліцвінавічы знаходзілася ў пабудаваным для яе доме. Настаўнічала Валянціна Лепяшынская, якая заканчвала Магілёўскае жаночае духоўнае ведамства вучылішча, і за работу атрымлівала ў год 100 рублёў ад сялянскага таварыства. Выкладаў Закон Божы святар Мікалай Лепяшынскі. Вучыліся 21 хлопчык і 1 дзяўчынка.
Царкоўна-прыходская школа ў вёсцы Ворнаўка адкрыта ў 1889 годзе. Размяшчалася ў сялянскай хаце. З 1910 г. навучанне ў школе стала бясплатным. Скончыўшы яе, дзеці мелі права працягваць вучобу ў народных вучылішчах, якія былі ў Карме, Чачэрску. Першапачаткова ў якасці настаўніка Ворнаўскай школы выступаў святар, затым з’явіліся першыя настаўнікі. Імі былі Сямён Івалоў і Цімафей Пазднякоў. Вядома таксама, што ў 1910 г. настаўнікамі былі пісьменныя мясцовыя жыхары Пётр Драбышэўскі (1890 – 1963 гг.) і Піліп Радчанка (1881 – 1946 гг.), а трохі пазней – Ніна Шведзянкова (1900 – 1934 гг.). Паводле ўспамінаў ворнаўскіх старажылаў, да рэвалюцыі да настаўніка ставіліся з вялікай павагай. Нават кланяліся пры сустрэчы і здымалі шапку – так паважалі і шанавалі пісьменных людзей. Ды і цяга да ведаў была вельмі вялікая. Штораніцы, ідучы ў школу, дзеці неслі па палене дроў, каб напаліць памяшканне. А навучэнцы 3-га класа былі адказнымі за ўборку. Вакацыі доўжыліся на працягу 2-х тыдняў узімку (у калядныя святы, пачыналіся з 7 студзеня). Першы і другі класы завяршалі заняткі з пачаткам велікодных свят, незалежна ад таго, калі ў якім годзе быў Вялікдзень. У трэцім жа класе праводзіліся іспыты. На іх прыязджаў інспектар. У школе, галоўным чынам, вучыліся хлопчыкі, дзяўчынкі ж былі заняты хатняй працай. Бацькі прымушалі іх працаваць у гаспадарцы, у хаце, для чаго адукацыя была непатрэбная. Хоць да вучобы ў царкоўна-прыходскай школе прыцягваліся ўсе дзеці сялян, і яна была бясплатнай, але наведвальнасць яе была нізкай, каля 50%. Таму да рэвалюцыі 1917 г., большасць насельніцтва вёсак Ворнаўка і Енцы былі непісьменнымі, нават не ўмелі лічыць, пісаць і чытаць. У школе быў арганізаваны спеўны гурток. У ім развучвалі царкоўныя песні. Па нядзелях жа дзяцей вадзілі ў царкву. У школе была таксама свая бібліятэка. Адзін раз у тыдзень (па суботах) дзецям выдаваліся кнігі. У бібліятэцы пераважала царкоўная літаратура, а таксама мастацкія творы рускіх пісьменнікаў – класікаў ХІХ стагоддзя. Вучням у школе таксама выдаваліся падручнікі, сшыткі ж яны куплялі самі. Дзеці пісалі і рашалі задачы па арыфметыцы на грыфельных дошках. Перад пачаткам заняткаў была малітва. Яны асвойвалі чытанне, пісьмо, рашэнне простых задач і, самае галоўнае, – Закон Божы.
У мястэчку Карма была таксама свая царкоўна-прыходская школа. Яна размяшчалася ў старым папоўскім доме, які знаходзіўся побач з новым, на беразе ракі. Настаўнічала дачка начальніка пошты Лідзія Шараварава, а законанастаўнікам быў Максім Шлемянкоў. Паводле сведчанняў старажыла Прытычанкі (імя не захавалася), Максім Паўлавіч з 1941 г. (пры немцах) быў папом у в. Сырск, дзе неўзабаве і памёр. Школа была з двухгадовым тэрмінам навучання, а вось народнае вучылішча мела ўжо чатыры класы. Кармянскія старажылы І. Ганчароў і А. Казакоў добра памяталі настаўніка Кармянскага народнага вучылішча (працаваў да 1917 г.) Канстанціна Ульянавіча Грынкевіча.
Аналагічныя школы былі і ў іншых валасцях, у паселішчах цяперашніх Каменскага, Стараградскага, Лужкоўс-кага, Барсукоўскага, Струкачоўскага сельскіх Саветаў.
Адукацыяй яўрэйскіх дзяцей займаліся абшчыны яўрэяў – кагалы.
Паважаныя сябры, пазнаёміўшыся з нарысам, калі ласка, задумайцеся, як змянілася адукацыя і ахова здароўя за апошнія 100 год. А цяперашнія вучні яшчэ і вучыцца не жадаюць, маючы прасторныя памяшканні і нават падвоз да месца навучання, чаго не мелі іх аднагодкі да рэвалюцыі.

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"