Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч. Польскі архітэктар з маёнтка Стэфанава

Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч нарадзіўся 21 снежня 1901 года ў маёнтку Стэфанава Рагачоўскага павета Магілеўскай губерні (сучасны Кармянскі раён).

Усё сваё дзяцінства маленькі Чэсь правёў у маёнтках Стэфанава і Радзькаў (сучасны Быхаўскі раён). Чэслаў быў вельмі хваравітым, і, на думку дактароў, пакутаваў ад невылечнай хваробы сэрца. Нягледзячы на гэта, ён вырас моцным хлопчыкам. Бацькі прыклалі нямала намаганняў, каб паправіць здароўе дзіцяці. Чэслаў часта падарожнічаў са сваёй сям’ёй. Да 14 гадоў ён наведаў Парыж, Ніцу, Вену, Берлін, Венецыю, Мілан, Жэневу і іншыя еўрапейскія гарады.
У юным узросце Чэслаў авалодаў верхавой яздой і мастацтвам стральбы з агнястрэльнай зброі. Ён адчуваў прыгажосць прыроды і выдатна перадаваў яе ў сваіх малюнках. Чэслаў вырошчваў розных птушак і шмат маляваў, асабліва коней, любоў да якіх была закладзена яго бацькам.
Да 1914 года Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч атрымліваў хатнюю адукацыю. Галоўным настаўнікам была яго мама Ганна. Пад яе кіраўніцтвам хлопчык і яго сястра Ірына вывучалі гісторыю, польскую мову і матэматыку. Акрамя таго, бацька Аляксандр наймаў для сваіх дзяцей рэпетытара. Падчас хатняга навучання дзеці кожны год восенню ездзілі ў Варшаву здаваць экзамены па розных прадметах. У 1913 годзе Чэслаў здаў апошнія экзамены за 4 клас і быў залічаны ў Мазавецкую школу для атрымання сярэдняй адукацыі. Бацькі купілі яму школьную форму (цёмна-сіні касцюм з пурпурнай аблямоўкай і капялюш), аднак планы па далейшым атрыманні адукацыі ў Польшчы былі парушаны Першай сусветнай вайной. У выніку сярэднюю адукацыю Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч пачаў атрымліваць у Магілёўскай школе Цэнтральнага камітэта грамадзян (Варшаўская арганізацыя, якая аказвала дапамогу бежанцам з Захаду).
Аднак лёс рыхтаваў юнаку новыя і новыя выпрабаванні. Калі Чэславу было 16 гадоў, памёр яго бацька. Падзеі кастрычніка 1917 года ў Расійскай імперыі вымусілі сям’ю Дорыя-Дзерналовічаў эмігрыраваць у Польшчу.
У 1920 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы імя К. Кульвіча ў Варшаве, Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч паступае добраахвотнікам у кавалерыйскія фарміраванні пад камандаваннем палкоўніка Доўбар-Мусніцкага.
Праз год ён здае экзамен па матэматыцы і пачынае вучыцца на архітэктурным факультэце Варшаўскага політэхнічнага інстытута. У гэты час Чэслаў працуе пад кіраўніцтвам вядомых прафесараў, пераймаючы ў іх архітэктурны вопыт. Яго выкладчыкамі былі М. Лялевіч, З. Каміньскі і Л. Німаеўскі.
У 1924-27 гадах юнак у камандзе прафесара О. Сасноўскага займаецца апісаннем гістарычных пабудоў, а затым – прафесара Т. Вайцяхоўскага, які займаўся перакладам “Liber Beneficjorum 1470-1480 гг.” (інвентарызацыйны спіс польскіх маёнткаў) Яна Длугаша.


1927-1929 гады былі праведзены ў майстэрні архітэктара Б. Збароўскага, дзе Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч працуе над выкананнем і рэалізацыяй праектаў жыллёва-будаўнічага комплексу ў Жалібож (раён Варшавы). У 1929-1934 гадах ён працаваў асістэнтам кафедры архітэктуры і гісторыі мастацтваў Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта, дзе займаўся інвентарызацыяй гістарычных помнікаў у Вільні, Любліне, Влодава, Замосці, Любартуве, Бёдзіне і іншых гарадах. У 1933 годзе Чэслаў атрымлівае ступень магістра навук, а праз год кваліфікацыю архітэктара.
У 1927 годзе ён ажаніўся. Шлюб з Ірынай быў заключаны ў касцёле кармелітаў у Варшаве. У 1928 годзе ў іх нарадзіўся сын Януш. Першапачаткова маладая сям’я жыла ў Варшаве на вул. Кошыкава, 69, а ў 1934 годзе па фінансавых меркаваннях яны пераехалі ў Радамск (сучасны Радомшчанскі павет, Лодзінскае ваяводства, Польшча). Тут Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч быў прызначаны кіраўніком Дэпартамента тэхнічнага і будаўнічага муніцыпальнага савета. Па яго праекце ў Радамску было пабудавана дзяржаўнае вучылішча. У гэтым жа годзе ён стаў членам Асацыяцыі польскіх архітэктараў і Таварыства польскіх горадабудаўнікоў.
У 1935 годзе Чэслаў пераехаў з сям’ёй у Ловіч, дзе быў прызначаны гарадскім архітэктарам і кіраўніком Дэпартамента гарадской гаспадаркі.
1 студзеня 1936 года Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч пераехаў са сваёй жонкай і сынам у Люблін. Іх дом знаходзіўся па вуліцы Панятоўскага, 12. У гэты час ён займаў пасаду гарадскога архітэктара ў муніцыпальнай радзе ў Любліне. У тым жа годзе ў Чэслава і Ірыны нарадзіўся другі сын Войцэх, а праз год дачка Элізабэт. У 1938 годзе архітэктар быў уключаны ў архітэктурную секцыю Мастацкага савета Польшчы. У 1937-1939 гадах ён чытаў лекцыі па архітэктуры ў Дзяржаўнай школе будаўніцтва ў Любліне.
Другая сусветная вайна заспела Дорыя-Дзерналовіча ў Любліне. У верасні 1939 года падчас бамбардзіроўкі горада ён быў паранены, і з-за траўмы нагі прызнаны нягодным да фізічнай працы. Менавіта траўма абараніла Чэслава ад дэпартацыі на прымусовыя работы ў Германію.
Падчас Другой сусветнай вайны ён выкладаў у прыватнай школе будаўніцтва, а пасля заканчэння вайны вярнуўся да выкладання ў Дзяржаўнай школе будаўніцтва, дзе працаваў да 1952 года. У 1944-1947 гадах Чэслаў быў прафесарам гісторыі і архітэктуры ў Люблінскім аддзяленні Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Выкладанне сумяшчаў з працай у офісе Рэгіянальнага плана будынкаў Люблінскага раёна ў якасці архітэктара і горадабудаўніка.
У 1948 годзе нарадзіўся яго малодшы сын Анджэй.
У 1950-1959 гадах Чэслаў працаваў у офісе “Miastoprojekt Lublin” у якасці дырэктара, затым кіраўніка каманды і старэйшага дызайнера. З 1959 па 1970 год займаў пасаду начальніка аддзела будаўніцтва Тэхнічнага бюро палявога бюро “BOTER”. З красавіка 1970 года ён звольніўся і на працягу 6 гадоў выконваў індывідуальныя заказы ва Упраўленні муніцы-пальных будаўнічых праектаў.
На жаль, гады працы, праведзеныя галоўным чынам над чарцежнай дошкай, вельмі пахіснулі здароўе Чэслава Дорыя-Дзерналовіча. За апошнія 10 гадоў жыцця ў яго рэзка пагоршыўся зрок, а затым адбылася поўная яго страта. Нягледзячы на гэта, ён ніколі не скардзіўся на свой лёс, да канца свайго жыцця заставаўся аптымістам. Сярод насельніцтва Чэслаў быў паважаным чалавекам, добрым настаўнікам, хоць і патрабавальным, які з легкасцю мог далучыць сваіх вучняў да прафесіі архітэктара. Да канца свайго жыцця ён заставаўся ўзорам добрых манер.
Памёр Чэслаў Дорыя-Дзерналовіч 20 кастрычніка 1993 года ва ўзросце 92 гадоў. Пахаваны на могілках па Ліпавай вуліцы ў Любліне, у сямейнай магіле.
І. Ігнаценка,
настаўнік гісторыі
гімназіі г.п. Карма

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"