Уладзімір Кільчэўскі – воін i вучоны

Ваяваў адважна Уладзімір Кільчэўскі нарадзіўся 1 лютага 1922 года ў вёсцы Задуб’е Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1940 годзе скончыў Кармянскую сярэднюю школу. Адзін год працаваў загадчыкам сельскага клуба.
У 1941-1943 гадах, знаходзячыся на акупаванай тэрыторыі, уступіў у падпольную групу, быў сувязным партызанскага атрада. У 1943 годзе сышоў у 256-ы партызанскі атрад Журавіцкай партызанскай брыгады, быў камандзірам кулямётнага разліку.
3 кастрычніка 1943 года служыў у 479 асобнай разведвальнай роце 1312 стралковага палка 17 стралковай дывізіі ў якасці радавога, камандзіра аддзялення разведкі, справавода разведаддзела штаба дывізіі Першага Беларускага фронту.
Быў узнагароджаны ордэнамі «Красной звезды», «Отечественной войны II степени», медалямі «За отвагу», «За боевые заслуги», «За взятие Кёнигсберга», «За победу над Германией», адзнакай «Отличный разведчик».

Пасля вайны скончыў земфак акадэміі
У 1946 годзе пасля дэмабілізацыі паступіў на землеўпарадкавальны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, які скончыў з адзнакай па спецыяльнасці «землеўпарадкаванне». Тры гады абіраўся старшынёй студэнцкага прафкама, сакратаром акадэмічнага камсамола.
Добрага студэнта ў 1951 годзе запрасілі на працу ў акадэмію, дзе ён працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам.
У 1958 годзе ў Маскоўскім інстытуце землеўпарадкавання ён абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата эканамічных навук на тэму «Арганізацыя кармавых угоддзяў i севазваротаў у калгасах Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Беларускай ССР». У 1961 годзе яму прысвоена вучонае званне дацэнта, з 1980 года – прафесар кафедры земпраектавання. 3 1971 па 1984 год з’яўляўся загадчыкам гэтай кафедры. У 1964-1971 гадах абіраўся дэканам землеўпарадкавальнага факультэта.
Чытаў лекцыі па шэрагу курсаў, у тым ліку па землеўпарадкаванні i навуковых асновах землеўпарадкавання.

Па яго падручніку i ў цяперашні час вучацца студэнты
Асноўныя накірункі навуковых даследванняў: рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў; землеўпарадкаванне, планіроўка сельскіх населеных пунктаў; эфектыўнасць узбуйненых севазваротаў; землеўпарадкаванне ва ўмовах аграрнай рэформы.
Уладзімір Конанавіч надрукаваў больш за 100 навуковых i вучэбна-метадычных работ. У ix ліку: сем манаграфій (у сааўтарстве) па пытаннях рацыянальнага выкарыстання зямель i землеўпарадкавання, шэраг артыкулаў у зборніках навуковых прац i часопісах, а таксама навукова-метадычных дапаможнікаў. З’яўляецца сааўтарам падручніка «Землеўпарадкавальнае праектаванне», выдадзенага ў Маскве для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў СССР па спецыяльнасці «Землеўпарадкаванне». Па гэтым падручніку i ў цяперашні час вучацца студэнты краін СНД.

Яго аспірант стаў міністрам
Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны 4 кандыдаты навук. Адзін з былых aспірантаў Каа Дык Фат стаў міністрам сельскай гаспадаркі В’етнама.
За працу ў мірны час быў узнагароджаны ордэнам «Знак Почёта», юбілейнымі медалямі СССР, дзвюмя Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Яму было прысвоена званне заслужанага работніка вышэйшай школы БССР, ганаровага прафесара БДСГА.

Памяць
8 лютага 2022 года вучэбнай аўдыторыі № 173 чацвёртага корпуса акадэміі было прысвоена iмя прафесара У.К. Кільчэўскага.
На ўрачыстасцях, прысвечаных гэтай падзеі, прысутнічалі яго сын акадэмік НАН Беларусі Аляксандр i ўнук Уладзімір Кільчэўскія.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"