ЦЯЖКАСЦІ ПА ПЛЯЧУ

Загадчык Хізаўскім фельчарска-акушэрскім пунктам Галіна Мікалаеўная Бунько сустракала нас у часовым памяшканні. Справа ў тым, што пастаянны будынак ФАПа зараз знаходзіцца на капітальным рамонце. Усе работы па яго рэканструкцыі вядуцца даволі актыўна. Блізкасць часу, калі расчыніць ён свае дзверы для пацыентаў залежыць ад фінансавання работ. Але фельчар спадзяецца, што гэта будзе скора. Галіна Мікалаеўна – не з дынастыіі медработнікаў. Але, як кажа яна: “Сэрца паклікала дапамагаць лю-дзям, лячыць іх хваробы”. Тады разам з бацькамі жыла ў Казахстане. Рашыла паступіць вучыцца ў медыцынскае вучылішча, якое скончыла ў 1982 годзе. Затым прыйшлося па сямейных абставінах пераехаць у Расію. Але і там не пажылося. З-за цяжкіх жыллёвых умоў пакінулі нашу краіну-суседку. Беларусь прыняла сям’ю Бунько гасцінна. Тут ёй была і праца, і жыллё. У Хізаве вырашылі пусціць карэнні. Не баіцца гераіня гэтага расказа цяжкасцей. А іх і тут хапае. Яе пацыентамі з’яўляюцца жыхары трох вёсак, а іх ні многа, ні мала — 732 чалавекі, радыус абслугоўвання 8 кіламетраў. Не кожны зможа дабрацца да ФАПа, таму доктару дапамагае веласіпед. Садзіцца яна на свайго двухколавага коніка, умацоўвае на багажнік чамадан з інструментам, лекамі і імчыць на дапамогу хвораму. Спадзяецца Галіна Мікалаеўна, што з прыданнем вёскі Хізаў статуса аграгарадка, будзе і больш сур’ёзны транспарт. Пацікавіўся: — Ці хапае лекаў? — У дастатковай колькасці, — адказала фельчар. — А як з так званымі “цяжкімі сем’ямі”, — зноў пытаю. — Гэта, напэўна, для ўсіх вельмі хворае пытанне, — не задумваючыся адказвае Галіна Мікалаеўна. – Але, на здзіўленне, дзеці ў гэтых сем’ях вельмі рэдка хварэюць. Відаць арганізм закаляецца ў цяжкіх жыццёвых ўмовах, якія ім “забяспечваюць” гора-бацькі. З маёй суразмоўцай можна было б яшчэ доўга размаўляць. Цікавы яна чалавек, на кожнае пытанне ёсць у яе адказ. Але трэба было ехаць далей да не менш цікавых людзей.


Віктар Ільюшчанка