Нарысы гісторыі Кармяншчыны. Сожская шляхта

3269Паважаныя сябры! Тут гаворка пойдзе пра гэтак званую “сожскую шляхту”. І вось чаму:
Па-першае, гэта адна з самых вялікіх у ВКЛ рэгіянальных груповак шляхты.
Па-другое, наша шляхта (“сожская”) уяўляла адзінае цэлае і заўсёды разам выступала, напрыклад, у войнах альбо ў адносінах з уладай.
Па-трэцяе, яна адыграла важную ролю ў гісторыі ўсёй краіны, галоўным чынам, абараняючы ўсходнія межы.
Па-чацвёртае, мясцовае насельніц-тва некаторых вёсак Кармяншчыны, такіх напрыклад, як Ворнаўка ці Струмень, у прынцыпе ўжо не адрозніваючыся нічым па сваім становішчы, яшчэ ў ХХ ст. называла сябе з гонарам “шляхтай”, а суседзяў – “мужыкамі”. Адкуль з’явіўся гэты падзел?
На гэтае і іншыя пытанні мы і паспрабуем адказаць у гэтым матэрыяле.

Каб было больш зразумела, чаму наогул узнікла “сожская шляхта”, нагадаем наступнае. Пасля спусташэння Усходняй Еўропы мангола-татарамі ў 1237-1241 гадах тэрыторыя былога Чарнігаўскага княства была падпарадкавана ардынскім намеснікам. У 1350-1360-х гадах маладое Вялікае Княства Літоўскае адваявала ў татар значныя землі былой Русі, у тым ліку сучасную Гомельшчыну з Гомелем і Чачэрскам. У 1454 годзе Гомель разам з Чарнігавам і Старадубам быў аддадзены ў кармленне за службу збеглым ад князя маскоўскага князям Мажайскім, якія, аднак, у 1500 годзе парушылі клятву і перайшлі на службу да Івана ІІІ. Такім чынам “да Масквы” Мажайскія ўвялі Гомельскую воласць, у той час як Чачэрская засталася ў складзе ВКЛ. У 1535 годзе пасля доўгіх войн гетман Юрый Радзівіл адваяваў Гомельскую воласць назад у ВКЛ, і з гэтага часу яе лёс непарыўна звязаны з нашай краінай.
Такім чынам, з пачатку ХVІ ст. пачаўся шэраг амаль неперапынных войнаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай (пра якія яшчэ будзе асобная гаворка) і наш рэгіён займаў тут важнае абаронча-стратэгічнае месца.
Паводле мірнай дамовы 1535 г. (у якой, дарэчы, упершыню прыгадваецца вёска Струмень) была ўсталявана мяжа паміж дзвюма дзяржавамі, і кожная з іх стварыла сваю “памежную службу”. На маскоўскім баку гэтую службу неслі казакі, таму першая з таго боку вёска ў вярхоўі Бесядзі і атрымала назву Казацкія Балсуны. У ВКЛ такі род войска, як казакі (ад цюркскага слова “казак” — “рабаўнік” ці “вартавы”), ахоўваў малазаселеныя паўднёвыя межы на тэрыторыі Украіны, дзе ўтварылі асобную вайскова-тэрытарыяльную адзінку Сеч (аснову будучай дзяржаўнасці Украіны). На шчыльна заселенай тэрыторыі ўласна самой Беларусі казакоў не было – усходнія межы ВКЛ ахоўвалі панцырныя баяры (“баляры – шляхта”, пра іх мы згадвалі ў мінулым нарысе), а казакамі часам толькі называлі аддзелы лёгкай конніцы, узброенай “па-казацку”. Панцырныя баяры ВКЛ (як у прынцыпе і казакі ў Маскоўскай дзяржаве) былі асабіста свабоднымі людзьмі, якія ў сваім прававым становішчы знаходзіліся паміж сялянамі і шляхтай (дваранамі), мелі асобныя заканадаўча замацаваныя правы і абавязкі. За ваенныя поспехі вялікія князі і каралі часта ўзнагароджвалі панцырных баяр паўнавартасным шляхецтвам. У якасці аплаты вялікі князь літоўскі і кароль польскі даваў панцырным баярам зямлю ва ўласнасць — ад 3 да 10 валок (60-200 гектараў) на кожнага хто нёс вайсковую службу, якую яны апрацоўвалі сваімі сіламі, утвараючы цэлыя вёскі.
Аб становішчы баляраў-шляхты ў дзяржаве сведчаць і наступныя факты. Калі ў 1726 г. Чачэрскае староства патрапіла да князя Агінскага, які вырашыў атрымліваць ад даўніх «баяраў чачэрскіх» павіннасці, яго ўраднікі склалі інвентар, куды ўключылі дробную шляхту.
Можна дапусціць, што тыя, хто складаў гэты інвентар, цалкам добра разумелі, што ўпісваюць туды шляхту, якая нічога выконваць не будзе, але спісы склалі. Адна справа спісы, іншая – прыехаць у ваколіцу і патрабаваць, напрыклад, каб шляхта фурманкі вазіла, можна быць і пабітым, ці атрымаць шабляй. А судовыя спрэчкі цягнуліся на працягу многіх год. Больш за тое, магчыма, што ніякіх павіннасцяў ніхто з панцырных баяраў-шляхты не выконваў і не збіраўся выконваць. Аднак князь Агінскі, мабыць, прадпрымаў нейкія дзеянні, верагодна падаваў у Трыбунал ВКЛ. Гэта гісторыя атрымала вялікі рэзананс і грамадскае асуджэнне дзеянняў Агінскага.
Але сам Інвентар Чачэрского староства 1726 г. вельмі цікавы яшчэ і тым, што там значная частка шляхты фігуруе не пад прозвішчамі, а пад мянушкамі. Мабыць, такім спосабам складальнікі жадалі некалькі прынізіць іх статус. Мянушкі гэтыя, цалкам верагодна, існавалі ва ўжытку ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, згадваюцца Шэлюты і Крывароты. Калі Язерскія ў 1749 г. забілі Шэлюту, сваякі падавалі ў суд і казалі, што Язерскія не шляхцічы, а чачэрскія мяшчане Крывароты.
(Працяг будзе)

Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"