Роднае слова жыве і гучыць

1414061536_belorУ мінулую пятніцу на базе гімназіі г.п. Карма прайшоў раённы этап конкурсу рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску» сярод навучэнцаў 8-10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Урачыстае адкрыццё, падрыхтаванае педагогамі і вучнямі прымаючага боку, з першых хвілін ахінула атмасферай не столькі спаборніцтва, колькі свята роднай мовы і культуры. Адзначу, што ўсе дзевятнаццаць удзельнікаў выступілі выдатна, у поўнай меры прадэманстраваўшы не толькі імкненне размаўляць на роднай мове, але і сапраўднае акцёрскае майстэрства, уменне трымацца на сцэне, спраўляцца з хваляваннем і эмоцыямі. Адчувалася сур’ёзная падрыхтоўка і адказнасць кожнага за вынік.
У першым туры ўдзельнікі прадставілі мультымедыйныя эсэ на тэмы «Усе шляхі вядуць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз» (10 клас), «Я знаю: скарб ляжыць у куфрах старадаўніх» (9 клас), «Мне сняцца сны аб Беларусі» (8 клас). Канкурсанты здолелі раскрыць і перадаць своеасаблівыя адценні зададзеных тэм, падысці да іх разгляду з розных пунктаў гледжання. Да прыкладу, кажучы пра Беларусь, адны рабілі акцэнт на яе гісторыі і знакамітых мясцінах, іншыя распавядалі пра свае асабістыя перажыванні і любоў да роднага краю. Па дзесяцібальнай шкале ацэньваўся змест, адпаведнасць маўленчым нормам і творчае рашэнне. У гэтым плане неабходна адзначыць канкурсантку з Дубавіцкага ДСБШ Ірыну Слапагузаву, якая выйшла на сцэну ў нацыянальным уборы і эмацыянальна распавяла пра такую каштоўную спадчыну, сапраўдны скарб, які ляжыць у «старадаўніх куфрах», як беларускія ручнікі.
Зрэшты, у першым туры разам з талентам і майстэрствам саміх удзельнікаў немалаважную ролю адыграла падтрымка педагогаў і іх дапамога ў падрыхтоўцы да конкурсу.
Больш складаным стаў другі тур, у якім трэба было самастойна падрыхтаваць вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм: праявіліся складанасці ў іх самастойным раскрыцці. Некаторыя абышліся літаральна парай сказаў. У выказваннях раз-пораз праскоквалі словы і граматычныя канструкцыі, не ўласцівыя беларускай мове. Тым не менш, лідэры спаборніцтва і на гэтым этапе паказалі сябе найлепшым чынам. А атрыманыя балы былі настолькі блізкімі, што выніковыя месцы ў асобных выпадках вырашалі дзесятыя долі.
Пераможцамі ва ўсіх трох узроставых катэгорыях сталі навучэнцы гімназіі г.п. Карма: Іван Рываненка, Аляксандра Чакалава і Крысціна Цупранкова. Менавіта ім давядзецца адстойваць гонар раёна на абласным этапе. Але не менш яркімі і запамінальнымі былі выступленні лаўрэатаў конкурсу: Ульяны Шчуравай, Антона Тананава, Таццяны Багдановіч, Ірыны Слапагузавай, Андрэя Сёмачкіна і Вікторыі Федарэнка.
У цэлым усе ўдзельнікі прадставілі свае ўстановы адукацыі на надзвычай высокім узроўні. Гэты вопыт, безумоўна, яшчэ не раз спатрэбіцца ім падчас здачы шматлікіх экзаменаў, ды і ў паўсядзённым жыцці заўсёды будуць актуальнымі прыгожае маўленне і ўменне добра трымацца. Але галоўны вынік – гэта шчырая цікавасць моладзі да беларускага слова, якое працягвае жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Алеся Шуцікава

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"