Нарысы гісторыі. Калі Кармяншчына ўваходзіла ў склад Рэчыцкага Павету?

Герб Рэчыцкага паветуЛетась споўнілася 450 год з часу ўваходжання Кармяншчыны ў склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводст-ва. Гэта адбылося паводле адміністрацыйнай рэформы 1565 г. Павет – гэта адміністрацыйная адзінка ў складзе ваяводстваў ВКЛ, падобная на сучасны раён, але прыкладна ў 3-4 разы большая.
Рэ́чыцкі паве́т – адмініст-рацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII стст. Ён займаў 30 тыс. км² і з’яўляўся найбольшым у ваяводстве. Сталіца знаходзілася ў горадзе Рэчыца. Адміністрацыйна дзяліўся на староствы: Чачэрскае, Бабруйскае, Гомельскае, Прапойскае, Рагачоўскае, Рэчыцкае.
На поўначы межаваў з Менскім паветам і Мсціслаўскім ваяводствам, на ўсходзе – з Мціслаўскім ваяводствам і Старадубскім паветам Смаленскага ваяводства і Чарнігаўскім княствам (пазней з Расійскай дзяржавай), на поўдні – з Кіеўскім ваяводствам, на захадзе – з Мазырскім паветам і Слуцкім княствам Наваградскага ваяводства. Ахопліваў тэрыторыю ўсходняй часткі сучаснай Гомельскай вобласці, паўднёвай і паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці, а таксама прылеглыя часткі Бранскай вобласці Расіі і Чарнігаўскай Украіны.
Меў павятовую харугву з гербам чырвонага колеру з выявай «Пагоня» (гэты сімвал цяпер крыху ў змененым выглядзе з 2005 г. з’яўляецца гербам г. Рэчыца).
Цікава, што Рэчыца стала цэнтрам староства яшчэ ў ХV ст. (у той час, як Чачэрск, напрыклад, у 1511 г.), 2 кастрычніка 1511 г. вялікі князь Жыгімонт Стары надаў Рэчыцы частковае Магдэбургскае права, а ў 1561 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст – поўнае (пацвярджалася ў 1596 г.). Нашы землі мелі вельмі трывалыя культурныя і шчыльныя гаспадарчыя сувязі з Рэчыцай, з’яўляючыся адзіным рэгіёнам. У час ваенных выпраў нашы шляхцічы ваявалі ў складзе Рэчыцкай харугвы, а судовыя справы разглядаліся рэчыцкім суддзёй.
У XVI—XVII стагодзях колькасць насельніцтва Рэчыцкага павету была адной з найменьшых сярод паветаў Вялікага Княства Літоўскага. Панізоўе (пра Панізоўе гл. ніжэй) значна пацярпела ад казацкіх рэйдаў (1648—1649 гг.), што ўчынілі вялізную шкоду і спусташэнне.
У сярэдзіне XVII ст. у павеце было 4342 дымы. Паводле сучасных падлікаў да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667 гг.) колькасць насельніцтва складала каля 35 тысяч чалавек, у выніку вайны яно скарацілася да 12 тысяч чалавек (1,8 тысячы дымоў).
У мірны час колькасць насельніцтва значна павысілася і да другой паловы XVIII ст. склала прыкладна 200 тысяч чалавек. Паводле ілюстрацыі 1775 г. павет налічваў 5676 дымоў.
Павятовы соймік праходзіў у Рэчыцы (згодна з іншымі звесткамі па чарзе – у Рэчыцы, Рагачове і Бабруйску), там жа месціліся падкаморскі, земскі і гродскі суды. Рэчыцкая шляхта выбірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал. Павятовы мунд-зір складаўся з малінавага («кармазынавага») кунтуша, белых адваротаў і жупана.
Асноўным архітэктурным стылем ў ХVІІ ст. быў барока, а ў ХVІІІ ст. – класіцызм.
У канцы ХVІІІ ст. землі Рэчыцкага павету увайшлі ў склад Расійскай імперыі.
ЯК НАЗЫВАЎСЯ НАШ КРАЙ У ХVІІ – ХVІІІ СТСТ. ?
Як сведчаць гістарычныя крыніцы, у ХVІІ – ХVІІІ стст. (а магчыма яшчэ і раней, як мінімум, у ХVІ ст.), наш край меў цікавую і адметную назву – Панізоўе. Давайце разбяромся. Само па сабе слова “Панізоўе” азначае: «мясцовасць, якая ляжыць па ніжнім цячэнні ракі». Гэта гістарычны рэгіён на паўднёвым усхо-дзе Беларусі ў міжрэччы Дняпра і Сажа – сучасная ўсходняя Гомельшчына. Гэты рэгіён уключаў гарады: Гомель, Крычаў, Прапойск, Рагачоў, Рэчыца, Чачэрск, а таксама Асцёр і Любеч, якія цяпер знаходзяцца ў Чарнігаўскай вобласці Украіны.
Тэрмін «Панізоўе» не быў шырока вядомы і не выкарыстоўваўся пасля гэтак званага «Крывавага патопу» (казацка-сялянская вайна 1648–1651 гг. і вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй). Мяркуецца, аднак, што ў пачатку ХVII ст. гэты рэгіён называўся менавіта так і толькі пасля Першага падзела Рэчы Паспалітай (1772 г.) і далучэння ўсходняй часткі Беларусі да Расійскай імперыі, землі Панізоўя сталі асацыіравацца з «Белай Руссю». Адбылося гэта з-за таго, што большая частка былога Панізоўя ўвайшла ў склад Магілёўскай (Беларускай) губерні. Мяркуецца таксама, што хоць харонім «Панізоўе» ўжываўся непрацяглы час, сам рэгіён склаўся і існаваў задоўга да ўзнікнення гэтай назвы, бо тэрыторыя Панізоўя дакладна супадае з тэрыторыяй рассялення радзімічаў.

Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"