КАРМЯНШЧЫНА Ў СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ ў канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стст.

Паважаныя чытачы!
З гэтага выпуску мы пачынаем знаёміць Вас з гістарычным лёсам нашага краю ў складзе Расійскай імперыі. Вы даведаецеся, як змянілася жыццё Кармяншчыны ў складзе Расіі, што новага з’явілася, напрыклад, у гаспадарцы і культуры нашых продкаў. Што адбывалася ў часы паўстанняў і вайны 1812 г., адмены прыгону ў 1861 г. і расійскіх рэвалюцый. Калі і як з’явіліся першыя школы, пошта і многае іншае.

i У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. мястэчка Карма, Кармяншчына, як і ўся Беларусь, увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гэта адбылося ў 1772 г. у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай. З далучэннем да Расіі змяніўся адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Паводле новага губернскага падзелу на паветы 1777 г. замест ваяводстваў і паветаў Рэчы Паспалітай ўводзілася дзяленне: губерня – павет – воласць, характэрнае для Расійскай імперыі. Кармяншчына ўвай-шла ў склад новастворанай Магілёўскай губерні Рагачоўскага павета. У першай палове ХІХ ст. мястэчка Карма было прыватнаўласніцкім і належыла шляхецкаму роду Быкоўскіх (польскага паход-жання, але прыняўшых праваслаўе). На 1847 г. у склад Кармянскай воласці ўваходзіла 58 навакольных вёсак; праз мястэчка праходзіў Чарнігаўскі тракт, працавалі паштовая станцыя і народнае вучылішча. На 1826 г. у Карме пражывала 926 чалавек.
Наша даведка.
Мястэ́чка – населены пункт, прамежкавы паміж вёскай і горадам, які меў меншую за горад колькасць і складанасць структуры насельніцтва, адсутнасць абарончых збудаванняў, сельскага спадарчыя рысы вытворчасці, а ў адрозненні ад вёскі вылучаўся гандлем і рамяством як асноўным заняткам большай часткі жыхароў, меў большую культурную і адміністрацыйную значнасць, большую складанасць планіроўкі і забудовы, складаны нацыянальна-рэлігійны склад насельніцтва, большасць якога, як правіла, складалі яўрэі.
karta-ragacho%d1%9eskaga-pavetu-1820-gРагачоўскі павет – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Беларусі ў 1773-1924 гг. Цэнтр – г. Рагачоў. Утвораны 2 жніўня 1773 г. у складзе Рагачоўскай правінцыі, з 2 красавіка 1777 г. у Магілёўскай губерні, з 23 снежня 1796 г. – Беларускай губерні. У гэты час паўднёвая частка павета далучана да Гомельскага павета, а на поўначы яму перададзена частка Чэрыкаўскага і большая частка скасаванага Быхаўскага павета. З 27 лютага 1802 г. у Магілёўскай губерні з аднаўленнем межаў 1777 г. З 1861 г. падзяляўся на 18 валасцей, меў 9 мястэчак. Плошча каля 7451 км2, насельніцтва 121,6 тыс. чалавек (1864 г.), 142,9 тыс. чалавек (1885 г.). Большая частка тэрыторыі павету адносілася да Палесся, тэрыторыя Кармяншчыны – да Падняпроўя і Пасожжа. Найбольшае распаўсюджанне мелі наступныя групы шляхты: друцкая і сожская (пра апошнюю мы пісалі крыху раней). У склад павету ўваходзілі наступныя воласці: Гарадзецкая (адміністрацыйны цэнтр – м. Гарадзец), Доўская (с. Доўск), Дудзіцкая (Дудзічы), Кармянская (м. Карма), Кашалёўская (с. Кашалёва), Кісцянёўская (с. Кісцяні), Лукаўская (с. Лукі), Мяркулавіцкая (с. Меркулавічы), Недайская (с. Недайкі), Пакоцкая (с. Покаць), Палеская (с. Палессе), Расохская (с. Расохі), Рэчкаўская (с. Рэчкі), Стараруднянская (с. Старая Рудня), Стаўбунская (с. Стаўбун), Стрэшынская (м. Стрэшын). У склад павету ўваходзілі таксама 9 мястэчак: Гарадзец, Жлобін, Карма, Карпілаўка, Свержань, Стрэшын, Ціхінічы, Чачэрск, Шэрсцін. Даўжыня межаў павету складала 707 вёрст.
Гісторыя Кармяншчыны шчыльна звязана з суседнімі землямі і павятовым цэнтрам.
s_7gol54zamРагачоў у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай губерні. 16 жніўня 1781 г. атрымаў герб: «у залатым полі чорны бараноў рог». У гэты час тут працавала 6 дробных прадпрыемстваў. У 1788 г. у Рагачове пачала працаваць паштовая кантора. У 1801 г. адкрылася павятовае, у 1819 – прыходскае вучылішчы. На 1850 г. тут было 18 вуліц і завулкаў, 375 будынкаў, у тым ліку 6 скарбовых, дзейнічалі 3 царквы, працавалі 2 пошты, 46 крам і 23 карчмы. У 1864 у Рагачове працавалі 24 мануфактуры, 5 гарбарняў, 5 маслабойняў, 4 цагельні, ганчарны завод, 4 бровары, 5 крупарушак, 132 рамеснікі. Увесну 1873 г. адбылася закладка гарадскога саду. На 1880 г. у Рагачове было каля 560 дамоў, працавалі 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і гарбарныя заводы. У 1884 г. дзейнічалі лякарня і аптэка. На 1896 г. – 948 двароў. У 1900 г. было 1157 жылых дамоў, 210 газавых ліхтароў, працавалі аптэка, бібліятэка, жаночая гімназія, з 1909 г. – настаўніцкая сэмінарыя, 2 кнігарні, 2 друкарні, 5 канатных фабрык. У 1902 г. праз Рагачоў прайшла чыгунка Магілёў – Жлобін. На 1913 г. было 50 прадпрыемстваў з 185 працоўнымі.
Далучэнне да Расійскай імперыі садзейнічала ўклю-чэнню зямель рэгіёну ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму, ствараліся перадумовы для паглыблення гаспадарчых сувязяў і развіцця эканомікі нашага краю. Галоўнай мэтай ўраду на далучаных землях было захаванне “цішыні і спакою”. На насельніцтва гарадоў пашыраліся ўмовы Дароўнай граматы гарадам 1785 г. Усё насельніцтва, незалежна ад ззванняў і чыноў, на працягу месяца павінна было прысягнуць на вернасць царскай уладзе. Панам, якія прысягалі новай уладзе, пакідаліся іх землі, маёнткі і прыгонныя сяляне, такая шляхта атрымлівала правы, якія мела расійскае дваранства. Тыя ж, што не прысягалі, павінны былі выехаць за межы Расійскай імперыі. Ім давалася магчымасць на працягу трох месяцаў прадаць сваю маёмасць. Калі ж шляхціцы ў гэты тэрмін не ўкладваліся, то іх маёнткі канфіскоўваліся разам з усёй маёмасцю і перадаваліся ў казну.
У пачатку ХІХ ст. Карма ўяўляла сабой невялікае мястэчка дзе жылі пераважна рамеснікі і гандляры. Гаспадарчае становішча простага насельніцтва было складаным. Ураджаі невялікія. Частка насельніцтва адыходзіла на адыходныя промыслы, мужчыны падпрацоўвалі сплавам драўніны па Сажы. Многія сяляне жылі надгаладзь. Эканамічнае становішча жыхароў пагоршылася ў выніку наступстаў вайны 1812 г. На Кармяншчыне дыслацыраваліся злучэнні другога рэзервовага корпусу генерала Ф.Ф. Эртэля (37,5 тыс. чал.), якія прыкрывалі ад пранікнення напалеонаўскіх войск поўдзень і паўднёвы ўсход. Больш чым два месяцы воіны 3-га Бугскага казацкага палка палкоўніка Кляноўскага не толькі трымалі абарону, але і актыўна атакавалі французаў. Так 30 і 31 жніўня ў выніку ваенных сутыкненняў, якія адбыліся на тэрыторыі паміж Кармой і Журавічамі, загінула 60 французаў і 40 узята ў палон, 25 верасня полк адбіў спробу прасоўвання французаў каля м. Карма, 3 лістапада, прыкрываючы Рагачоўскі напрамак, падраздзяленне палка пад кіраўніцтвам маёра К.І. Селістранава, рухаючыся ў напрамку Журавіч, дала там сражэнне і пасля перамогі стала праследваць праціўніка аж да Старага Быхава.
У час вайны мястэчка Карма фармальна адносілася да Магілёўскага дэпартаменту і падпарадкоўвалася французскім уладам.
Пасля вайны 1812 г. становішча насельніцтва яшчэ больш пагоршылася. Прычынай гэтага сталі неўраджаі, якія адбываліся ў нашай мясцовасці на працягу некалькіх год запар. Адзначаецца скарачэнне сельскагаспадарчай выт-ворчасці і колькасці насельніцтва. Пры гэтым умацоўвалася і пашыралася дваранскае (шляхецкае) землеўладанне. Большасць сялян паранейшаму зас-таваліся прыгоннымі. Асноўнымі па-віннасцямі іх былі наступныя: тры дні на тыдзень паншчыны для мужчын (з канём) і тры – для жанчын (“пешкай”, г. зн. без каня); талокі – згон сялян у час уборкі сена, збожжавых і інш; шарваркі – будаўнічыя работы ў маёнтках паноў (будаўніцтва дарог, мастоў, жывёлагадоўчых памяшканняў і г. д.); дарожная павіннасць – перавозка прадукцыі панскай гаспадаркі да месца продажу; даніна – збор грыбоў і ягад для пана, здача яму пэўнай колькасці курэй, яек, дроў і г.д.; выраб для паноў палатна.
Сяляне павінны былі сплочваць і дзяржаўныя падаткі звонкай манетай, што было цяжэй сплаціць, чым папяровымі асігнацыямі (для сялян, напрыклад, цэнтральнай Расіі).
У 1831 годзе ў Карме на сродкі абшарнікаў Быкоўскіх пачала ўзводзіцца ўніяцкая царква. Пабудавана яна была на штучным узвышшы сіламі соцень прыгонных сялян. Выкладзена яна была з каменю ў стылі класіцызму, мела званіцу і адзін купал. Скончылі будаўніцтва ў 1836 годзе, калі яе перавялі ў праваслаўнае ведамства. Большасць жа шляхты па-ранейшаму заставаліся каталікамі.

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"