Кармянская зорка на педагагічным небасклоне

Пазаштатнага карэспандэнта нашай раённай газеты, настаўніка Ворнаўскай школы Валерыя Варганава ведаюць многія жыхары нашага раёна і нават за яго межамі. Інтэлектуал, сапраўдны прафесіянал ў сваёй галіне навукі. Менавіта, дзякуючы гэтаму, а таксама імкненню перадаць веды сваім вучням, Валерый Валер’евіч мае пэўныя дасягненні. Сёння мы раскажам аб апошніх з іх.
Акрамя таго, што яго “Нарысы гісторыі Кармяншчыны” друкуюцца ў нашай газете, ён яшчэ паспявае шмат чаго іншага, напрыклад, не так даўно была зацвержана распрацаваная ім праграма “Гісторыя Кармяншчыны” для выкладання факультатыва.

vorganovВучыць па ёй дзяцей могуць настаўнікі нашага раёна, а педагогі з іншых рэгіёнаў Гомельшчыны могуць выкарыстоўваць праграму ў якасці асновы на сваіх занятках. Матэрыял шмат гадоў збіраўся разам з вучнямі, потым апрацоўваўся, аналізаваўся. Гэтая праграма можа быць не толькі сваеасаблівым даведнікам для школ, але і прадстаўляць інтарэс для работнікаў культуры, супрацоўнікаў музеяў і проста зацікаўленых людзей, якія імкнуцца даведацца нешта новае пра наш рэгіён.
Акрамя гэтага ў Валерыя Валер’евіча ёсць шмат матэрыялаў у выглядзе вучэбных дапаможнікаў. Так, пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама былі выдадзены дапаможнікі для вучняў 5-6 класаў, ужо гатовыя і чакаюць свайго часу 2 і 3 часткі для вучняў наступных класаў. Зараз ідзе распрацоўка рабочых сшыткаў з заданнямі. Галоўнай сваёй мэтай ён лічыць выхываўчы і адукацыйны ўплыў на школьнікаў, прывіццё ім пачуццяў патрыятызму, фарміраванне інтэлекту.
Калектыўная праца В. Варганава разам з С. Барысам, Д. Кургановічам, Л. Трыгорлавай і іншымі навукоўцамі вылілася ў напісанне кнігі “Настаўнік пасля ўрокаў”. Яна змяшчае ў сабе 7 раздзелаў: “Калі закончыўся ўрок”, дзе расказваецца аб пазакласнай дзейнасці па гісторыі; “Кабінет гісторыі”, у якім даюцца парады па уладкаванню кабінета гісторыі; “Краязнаўства. Музеі. Экскурсіі” распавядае пра краязнаўства і методыку правядзення экскурсій; у раздзеле “Выхаваўчая гадзіна; школьныя вечарыны” расказваецца аб тым, як да нас прыйшла кніга, беларускіх замках, манастырах і іншых славутых мясцінах; “Інтэграваныя мерапрыемствы”; “Конкурсы. Віктарыны. Гульні”; “Факультатывы. Дадатковыя заняткі”.
Такая кніга ў Беларусі выдаецца ўпершыню. Змешчаныя ў ёй матэрыялы на працягу апошніх 15 гадоў друкавалiся ў розных часопісах “Беларускі гістарычны часопіс”, “Гісторыя: праблемы выкладання”, “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, “Роднае слова”, а зараз для выдання былi адабраны лепшыя з iх. Асаблівасцю выдання з’яўляецца багаты дыдактычны і практычны матэрыял – своеасаблівая панарама вопыту настаўнікаў з розных рэгіёнаў Беларусi. Кніга будзе карысная і для педагога з вялікім стажам, і для пачынаючага настаўніка.
Адметна, што аўтары мовай напісання аднагалосна выбралі беларускую (толькі адзін артыкул напісаны па-руску), таму што лічаць, што выхаваўчая работа ў школах Беларусі павінна весціся на роднай мове.
Прыемным для Валерыя Валер’евіча стала зацікаўленасць яго асобай аднаго з галоўных настаўніцкіх выданняў – “Настаўніцкай газеты”, ў якім было змешчана вялікае інтэрвью з ім.
Мой суразмоўца яшчэ мае перад сабой планы, адчувае ў сабе сілы па іх ажыццяўленню. Упэўнена, у яго ўсё атрымаецца, а наперадзе чакаюць яшчэ шмат розных дасягненняў.
Таццяна Кулакова

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"