Авантуры Скарынавага жыцця

Паважаныя чытачы! Сёння мы спынемся на “авантурных” момантах Скарынавага жыцця, калі яго прыгоды і змаганні маглі прывесці да гібелі асветніка… Але ўсё па парадку.

Друкарня Францыска Скарыны ў В__льн__. Мастак Язэп Драздов__ч, 1940 г.Пра паходжанне прозвішча кнігадрукара
Як лічаць даследчыкі, прозвішча “Скарына” ўтварылася ад старажытнага слова “скора” (альбо “скура”, “скорина” – “скарынка”). Паводле “Слоўніка беларускай гаворкі” Івана Насовіча, “скарына” – гэта верхняя корка выпечанага хлеба. У яго ж названы словы скарынка і скарыначка ў значэнні хлебная корка (“Дай убогаму скарынку”). У аналагічным значэнні выкарыстоўваецца слова скарынка і ў тлумачальным слоўніку сучаснай беларускай мовы. Аднак, хутчэй за ўсё, прозвішча асветніка паходзіць ад старажытнарускага слова “скора”, што значыла шкура, мех, сырая скура. Так, яшчэ “Аповесць мінулых гадоў” апавядае пра даніну, якую драўляне плацілі “медомъ и скорою”. Так называлася і прафесія ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дакумент з Літоўскай метрыкі ад 10 красавіка 1473 года паведамляе пра наданне “Яну, конюшему Виленьскому, шесть человек: Юрко скаринич, Иван скаринич, Левон скаринич, Рожай конокормец”. Пра тое ж паведамляе і запіс “Князю Евлашку Телятине два человека скориничи: Гридко и Хотян”. Напэўна, слова скарыніч азначала не прозвішча, а прафесію. І бацька, і брат Францыска гандлявалі пушнінай і скурамі. Род заняткаў, відаць, быў спадчынным, і магчыма, што адзін з продкаў сям’і рамеснік-скарыніч, разбагацеў і пачаў займацца гандлем.

Звесткі пра паходжанне роду Скарыны
Першыя звесткі пра полацкіх Скарынаў вядомы з пачатку 1440-х гадоў, калі полацкі купец Грыдка Скарына прадаў рыжскаму купцу Герке ў крэдыт болей за беркавец воску, а пры атрыманні аплаты ў Рызе быў схоплены Герке і два тыдні прабыў у кайданах. З гэтага можна зрабіць выснову, што полацкі род Скарынаў даволі стары і ўжо к сярэдзіне XV ст. даволі заможны. У 1492 годзе ў пераліку прэтэнзій вялікага князя маскоўскага Івана Васілевіча да вялікага князя літоўскага Аляксандра ўзгадваецца Лук’ян Скарына, які разам з іншым палачанінам абрабаваў велікалуцкага купца. Магчыма, названы Лук’ян і ёсць Лука Скарына – бацька Францыска, які ўспамінаецца пазнейшымі дакументамі. Старэйшага брата Францыска – Івана Скарыну, каралеўскі дэкрэт называе адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Значыць, Скарыны былі не толькі полацкімі, але і віленскімі купцамі і мелі там свае прадстаўніцтвы альбо жылі.

Пра імя асветніка
У сваіх выданнях Скарына больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя “Францыск”, зрэдку – “Францишек”. У прадмове да Псалтыры 1517 года сказана: “… я, Францишек Скаринин сын с Полоцка”, – тая ж форма сустракаецца ў прадмовах да кнігі Іова, Прытчаў Саламонавых і ў віленскай Псалтыры. Форма “я, Франциско Скорина”, сустракаецца ў прадмове к першай кнізе Царстваў, так падпісаны і партрэт асветніка ў пражскіх выданнях. У творным склоне імя (“… выложена Франциском Скориною”) сустракаецца каля 50 разоў, у родным склоне (“Повелением, працею и выкладом… Франциска Скоринина сына”) 64 разы. У Літоўскай і Кароннай метрыках, актах Кракаўскага і Падуанскага ўніверсітэтаў імя асветніка на лацінскай мове даецца як Franciscus. Урэшце, у пражскіх дакументах 1538-1539 гадоў фігуруе Francisco welisch gartner. І толькі ў адзіным дакуменце – прывілеі караля Жыгімонта Старога ад 21 кастрычніка 1532 года – асветнік названы Georgij Franciscij Skorina, у гэтым жа дакуменце Скарына называецца яшчэ пяць разоў, але толькі адным імем – Franciscus або Francisco.

Пра некаторыя авантуры жыцця

У жыцці першадрукара адбілася ўся натхнёная, вірлівая і авантурная эпоха пераходу ад Сярэднявечча да Новага часу. Вядома, што Скарына быў у пасольстве да дацкага караля. На думку некаторых гісторыкаў, ён нейкі час працаваў сакратаром дацкага караля Ганса. (Але паводле іншай версіі ў гэты час Францішак быў на службе ўладара Трансільваніі і жыў на радзіме легендарнага графа Дракулы). Скарына сустракаўся з рэфарматарам Лютэрам (пра гэта ніжэй) і медыкам ды алхімікам Парацэльсам. Браў удзел у складанні агульнадзяржаўнага збору законаў – першага Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Быў сакратаром і прыдворным лекарам у віленскага біскупа Яна. Скарыну запрашаў да сябе на службу магістр Тэўтонскага ордэна Альбрэхт Брандэнбургскі, які надаў яму шляхецтва.

Скарына зняволены
Калі за братавы даўгі крэдыторы кінулі Скарыну ў вязніцу, яго вызваліў сам вялікі князь Жыгімонт Стары. На знак прызнання асаблівых заслуг перад Айчынаю манарх выдаў вучонаму палачаніну адмысловы ахоўны прывілей, пра які мы згадвалі вышэй.
“Скарына чыніў падкопы пад Марціна Лютэра” – было сказана ў адной з кніг вядомага славіста В. Копітара, надрукаванай у Вене ў 1839 годзе. Вядома, што ў 1525 годзе спачатку Меланхтан, а пасля Лютэр пазнаёміліся з доктарам Францыскам, які “зачараваў іх сваёй вучонасцю і манерамі”. Аднак хутка Лютэр спалохаўся папярэджванняў сваіх сяброў і пакінуў Вітэнберг і напісаў у магістрат просьбу затрымаць доктара і падвергнуць яго катаванню. Што ж выратавала Францішка ад новага арышту і катаванняў? Як адзначае В. Копітар, Скарына “зачараваў і сяброў магістрата, і тыя адпусцілі яго”. Нават казалі, быццам Францішак пакушаўся на жыццё Лютэра. Так, даследчык Зекендорф паведамляе аб “нейкім яўрэйскім доктары з Польшчы”, які быццам спрабаваў атруціць Лютэра. Доктара схапілі, аднак сам Лютэр пажадаў, каб злачынцу не катавалі, а адпусцілі. Згодна Зекендорфу падзея адбылася ў 1525 годзе, а імя док-тара медыцыны не паведамляецца. Але наўрад, каб гэта быў наш зямляк, бо ў адным з сваіх лістоў Лютэра барону Шварцэнбергу ад 21 снежня 1524 года згадваецца “доктар Францыск”, з якім рэфарматар быў у добрых зносінах. Знаёмства з доктарам працягвалася да верасня 1525 года, калі Лютэр пераехаў у Торгау пасля апісанага інцыдэнта. Тым больш вядома, што ў тым жа 1525 годзе Скарына надрукаваў у нашай сталіцы Вільні “Апостал”, а ў сакавіку 1526 года прысутнічаў пры зацвярджэнні граматы князя Ю. Слуцкага біскупам Янам.

Скарына ў Маскве
Пасля друку Апостала Скарына спыняе друкарскую дзейнасць. Адной з прычын даследчыкі называюць вялікі пажар у Вільні 2 сакавіка 1530 года, які знішчыў дзве траціны горада, у тым ліку: кафедральны сабор, палац біскупа Яна і, магчыма, дом Якуба Бабіча, у якім знаходзілася тыпаграфія, а таксама дом на Рынку, які належыў жонцы асветніка Маргарыце. У 1536 годзе пакідае віленскую кафедру заступнік Скарыны біскуп Ян. Вось тады наш зямляк і адпраўляецца ў Маскву. Пра гэта ўзгадаў аўстрыйскі вучоны гісторык І. Фідлер у 1862 г. Ведаючы, што Маскоўшчына не мае сваіх друкарняў, Францішак Скарына прывёз у яе сталіцу партыю сваіх кніг і прапанаваў наладзіць выдавецкую справу. Але і свецкія, і духоўныя ўладары паставіліся да гэтага варожа. Маскоўскі князь Васіль III загадаў скласці з Скарынавых кніг вогнішча. Іх публічнае паленне стала яшчэ адным сведчаннем велізарнай розніцы ў культурных узроўнях Вялікага Княства Літоўскага і Масковіі. Нашаму выбітнаму земляку цудам удалося застацца жывым, уцякчы з Масквы, пераапрануўшыся ў простае адзенне – цэлая дэтэктыўная гісторыя!
(Працяг тэмы ў наступных нумарах)
В. Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"