Цікавыя факты пра Францыска Скарыну

Паважаныя чытачы! Сапраўды, мы не чакалі такога чытацкага інтарэсу, які выклікала тэма жыцця і дзейнасці Ф. Скарыны ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Таму замест адной-дзвюх публікацый іх аказалася больш. І зараз нам застаецца абагуліць зробленае і адказаць на астатнія пытанні, якія паступілі да аўтара, а таксама спыніцца на некаторых іншых цікавых фактах, звязаных са Скарынай, пра якія не распавядалася раней.

Друкарня Францыска Скарыны ў В__льн__. Мастак Язэп Драздов__ч, 1940 г.– Аб працаздольнасці Скарыны сведчаць наступныя лічбы: у 1517 г. ён выдаў 4 кнігі (646 старонак), у 1518 г. – 8 кніг (704 старонкі), у 1519 г. – 11 кніг (1000 старонак. У той час гэта было надзвычай працаёмка і складана. Уявіце сабе, як працавалі з тагачасным друкарскім станком – варштатам, калі кожную старонку паперы патрэбна было пакласці на намазаны фарбай набраны тэкст, прыціснуць, перакласці, высушыць, скласці. І калі, напрыклад, выдавалася 500 асобнікаў (а было ж, як мяркуюць, і па некалькі тысяч!), з адной толькі 1000 старонак атрымліваецца ўжо па 500 тысяч разоў кожнай аперацыі!
– Зямны шлях выдатнага гуманіста завяршыўся ў Празе, дзе ён, як мяркуецца, апошнія гады свайго жыцця працаваў каралеўскім садоўнікам. Тут да яго і прыйшла еўрапейская слава. У старажытнай частцы чэшскай сталіцы, на Градчанах, памяць нашага суайчынніка ўшанавана помнікам.
– Скарынавыя выданні мелі шырокую чытацкую аўдыторыю не толькі ў нашай дзяржаве. Іх ведалі ў Чэхіі, Германіі, Польшчы, Францыі, Аўстрыі, Англіі, Даніі і іншых краінах. Цяпер першадрукі славутага палачаніна захоўваюцца пераважна ў бібліятэках Расіі і Украіны, а таксама ў кнігазборах Кракава, Варшавы, Лондана, Кембрыджа, Капенгагена, Любляны, Прагі. Невядомы раней асобнік Скарынавай Бібліі знойдзены нядаўна ў Германіі, а недадрукаваны рукапіс – у Расіі (С.-Пецярбург). Магчыма некаторыя рукапісы захоўваюцца ў Празе, Вільні і С.-Пецярбургу.
– Хто стаў прадаўжальнікам справы Скарыны? Ім стаў вядомы беларускі друкар, рэлігійны асветнік i вучоны Сымон Будны. Як i Скарына, ён быў вельмі адукаваным чалавекам (скончыў Кракаўскі універсітэт), валодаў мнoгiмi мовамі. У 1562 годзе Сымон Будны выдаў першую кнігу на беларускай мове аб хрысціянскай веры – “Катэхізіс”. Яна была надрукавана ў Нясвіжы. Праз некалькі месяцаў была надрукавана другая кніга С. Буднага – «Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам», якая не захавалася. Але з 1563 г. друкарня ў Нясвіжы перайшла на друкаванне кніг выключна польска–лацінскімі шрыфтамі.
– Калі і дзякуючы каму адрадзілася кірылічнае кнігадрукаванне ў Вільні? Праз паўстагоддзя пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны гэта зрабіла друкарня Мамонічаў ў Вільні. У 1575 г. там выйшла першае выданне – «Евангелле напрастольнае». Праз год быў выдадзены «Псалтыр». Братам Кузьму і Лукашу Мамонічам было даручана надрукаваць першае афіцыйнае выданне «Трыбунала ВКЛ», падпісанае адказнай асобай – канцлерам Астафеем Валовічам. У 1588 г. Мамонічы выпусцілі яшчэ больш важнае выданне – трэцці «Статут Вялікага Княства Літоўскага» (дзейнічаў аж да 1840 г. і паўплываў на развіццё сусветнага права) – помнік беларускай друкаванай кнігі і прававой думкі. Жыццё беларускай друкаванай кнігі працягвалася…
– Хто з беларусаў упершыню згадаў iмя Скарыны ў газеце «Наша нiва» ў пачатку ХХ стагоддзя? Адным з першых, хто заняўся вывучэннем жыцця i спадчыны Скарыны, быў Вацлаў Ластоўскi. Але першай, усё ж, была публiкацыя ў «Нашай нiве» ў вераснi 1909 года «Калi друкавалася першая беларуская Бiблiя?», i аўтарам яе быў вядомы пісьменнік і публіцыст Сяргей Палуян.
– У каго і калі былі набытыя для Беларусі першыя асобнікі Скарынавых выданняў? У 1925 годзе былi набытыя першыя асобнiкi скарынавых кнiг для Беларускай дзяржаўнай бiблiятэкi. Гэта быў ленінградскі калекцыянер па прозвішчу Камарнiцкi.
– Як вядома, у беларускай сталіцы імя Францішка Скарыны ў розныя часы насілі розныя вуліцы. Якія і калі? Вуліца, якая з 1967 па 1989 гады насiла iмя Францыска Скарыны, цяпер носiць iмя Героя Савецкага Саюза Мiкалая Алешава. Акадэмiчная была вулiцай Скарыны ў 1989-1997 гадах, цяперашні праспект Незалежнасцi насiў яго iмя ў 1991-2005 гадах. Цяпер вулiца Скарыны знаходзiцца побач з Нацыянальнай бiблiятэкай Беларусі.
– Дарэчы, цяпер разглядаюцца розныя прапановы па далейшаму ўшанаванню імя славутага асветніка. Напрыклад, прапануецца імем Скарыны назваць Нацыянальную бібліятэку ці Нацыянальны аэрапорт. А якая ваша думка?
– Вось як ацаніла ролю Скарыны самая аўтарытэтная сусветная арганізацыя ЮНЕСКА: “Стваральнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, гуманіст і асветнік, ён адыграў рашаючую ролю ў развіцці культурнага жыцця Беларусі ХVІ стагоддзя. Ён увасабляў арганічнае адзінства ўсходнеславянскай культуры – неад’емнай часткі культурнай спадчыны Еўропы”. Лепей і дакладней і не скажаш.
Шаноўныя сябры! Кожны новы дзень і год абяцаюць нам усё новыя і новыя адкрыцці, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нашага славутага асветніка. Скарына – гэта наш духоўны бацька. І без перабольшвання можна сказаць, што яго імя – зорка першай велічыні! Не забывайма ж пра гэта!
В. Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"